Пакістан гатовы завяршыць ваенны канфлікт пры згодзе Індыі

Пакістан заявіў пра гатоўнасць спыніць канфлікт з Індыяй

Пакістан заявіў пра гатоўнасць спыніць канфлікт з Індыяй / AAP / Middle East Images

Пакістан гатовы спыніць ваенны канфлікт з Індыяй, калі індыйскія ўлады пагодзяцца на гэта. Пра гэта заявіў міністр абароны Пакістана Хаваджа Асіф.

"Цягам апошніх двух тыдняў мы ўвесь час заяўлялі, што ніколі не распачнем варожых дзеянняў у дачыненні да Індыі. Але калі на нас нападуць, мы адкажам. Калі Індыя адступіць, мы, безумоўна, пакладзем канец гэтай напружанасці", перадае Bloomberg TV словы пакістанскага міністра.

Як паведамлялася раней, у ноч на 7 траўня Індыя абвясціла пра пачатак ваеннай аперацыі "Сіндур" супраць тэрарыстаў. Гэтак індыйскія ўлады адказалі на напад узброеных баевікоў на турыстаў на тэрыторыі Джаму і Кашмір, які адбыўся 22 красавіка. Тады 26 чалавек загінулі, а дзясяткі атрымалі раненні. Адказнасць за тэракт узяла на сябе групоўка "Фронт супраціву".

У ноч на сераду Індыя нанесла ўдары па падкантрольнай Пакістану частцы Кашміра. У Нью-дэлі заявілі, што цэлямі сталі лагеры тэрарыстаў, дзе размяшчаюцца штабы і навучальныя цэнтры ісламісцкіх тэрарыстычных груповак. Пакістан заявіў, што ў адказ збіў пяць індыйскіх знішчальнікаў і знішчыў штаб армейскай брыгады. Абедзве дзяржавы валодаюць ядзернай зброяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.