Ілля Шкурын перайшоў з “Легіі” ў “ГКС Катавіце”

Кантракт разлічаны на тры гады

Кантракт разлічаны на тры гады / gkskatowice.eu

Беларускі форвард Ілля Шкурын перайшоў з варшаўскай “Легіі” у “ГКС Катавіце”. Кантракт разлічаны на тры гады з опцыяй падаўжэння. Паводле інфармацыі інсайдараў, сума здзелкі склала 800 000 еўра.

У апошніх двух сезонах у Экстракласе Ілля Шкурын забіў 23 галы.

У Польшчы беларус паспеў пагуляць за “Сталь”, дзе стаў зоркай польскай лігі. У сезоне 2023/2024 ён забіў 16 галоў і стаў другім бамбардзірам чэмпіянату.

У лютым 2025 года цікавасць да гульца праявіла “Легія”, якая набыла яго за 1,2 млн еўра. За мінулы сезон Шкурын правёў 33 матчы і забіў 7 галоў. Два галы ён забіў у Кубку Польшчы, у тым ліку адзін у фінале турніру. Свой апошні гол форвард забіў у матчы за Суперкубак Польшчы.

Ілья Шкурын — уладальнік Кубка Польшчы і Суперкубка ў складзе “Легіі”.

Новы сезон для беларуса ў варшаўскім клубе пачаўся цяжка. Новы трэнер даваў Шкурыну мала ігравога часу. Ілля не заўсёды трапляў у заяўку на матчы кваліфікацыі еўракубкаў: з меркаванняў бяспекі ён не паляцеў у Казахстан, а ў Шатландыю — з-за праблем з пашпартам і візай.

У выніку “Легія” прыняла рашэнне прадаць Шкурына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.