Хворага на рак лімфавузлоў з жодзінскага СІЗА не адпускаюць пад хатні арышт

Павел Кучынскі / Еўрарадыё
Мужчыну, у якога рак лімфавузлоў, следчы не хоча адпускаць пад хатні арышт на час следства. Паўла Кучынскага затрымалі 26 студзеня за каментары ў тэлеграме. З тых часоў хворы на анкалогію сядзіць у Жодзіне, адкуль яго перыядычна возяць на допыты ў Маладзечна.

28 студзеня 2022 года Павел павінен быў прыехаць на працяг хіміятэрапіі, але ў гэты час ён ужо быў за кратамі. Па выніках студзеньскага абследавання, на якое Паўла прывезлі пад канвоем, лекар піша, што з улікам прагрэсавання пухліннага працэсу неабходна працягваць хіміятэрапію.

Паўлу прызначылі лекі, якія родныя перадавалі ў Жодзіна. Знаходжанне за кратамі не паляпшае здароўе мужчыны: у сакавіцкім абследаванні лекар канстатуе далейшае прагрэсаванне лімфомы Ходжкіна і выяўляе запаленне ў ніжняй долі правага лёгкага.

Каб хворага на анкалогію перавялі пад хатні арышт, родныя бралі даведкі ў Бараўлянах, пісалі запыты ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў абласную пракуратуру.
Адпускаць хлопца з турмы следства не хоча, таму што ў крымінальнай справе няма звестак аб тым, што "стан абвінавачванага па медыцынскім крытэры ўяўляе пагрозу і не дазваляе яму знаходзіцца ў ПУ "Турма №8". "Следчая з Маладзечна сказала, што ён не скардзіцца і што ў яго ўсё добра", — расказвае Еўрарадыё сваяк Паўла.

Да 2020 года Павел Кучынскі працаваў на "Інтэграле". Пасля — дыягназ і штамп "непрацаздольны". Па словах сваякоў, 27-гадовага мужчыну абвінавачваюць па некалькіх артыкулах КК РБ: артыкул 391 ("Абраза суддзі або народнага засядацеля"), 369-ы артыкул ("Абраза прадстаўніка ўлады"), артыкул 364 ("Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў") і артыкул 368 ("Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь").
Адвакат не выключае, што мужчыну могуць пасадзіць у турму. Сваякі дамагаюцца, каб у крымінальную справу былі ўключаны вынікі медыцынскага абследавання, у якім гаворыцца пра анкалогію Паўла, якая прагрэсуе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.