Хуліган укусіў міліцыянта за нагу
Суд прызначыў яму тры гады і два месяцы калоніі строгага рэжыму.
30-гадовы жыхар Рэчыцы трапіў пад суд, бо напаў на міліцыянта. Як піша "Гомельская праўда", уначы мужчына, бацька дваіх дзяцей, пасварыўся з жонкай. Жанчына сышла з дому, а супакоіць мужа выклікала ягоных бацькоў.
Аднак візіт бацькі і маці стаў прычынай яшчэ аднаго скандалу, пасля якога ў кватэру завітала міліцыя. Нецвярозы мужчына супраціўляўся міліцыянтам і нават спрабаваў біцца, але праваахоўнікі разам з бацькам скруцілі скандаліста. Спрабуючы вырвацца, ён укусіў аднаго з міліцыянтаў за нагу — "верхнюю частку сцягна". На судзе дэбашыр сказаў, што не мог трываць боль і хацеў, каб міліцыянт аслабіў захоп.
Мужчыну абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Раней мужчына ўжо меў судзімасць па аналагічным артыкуле, а таксама за хуліганства і вымагальніцтва. Суд прызначыў скандалісту тры гады і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
Фота — gp.by