Хакеісты салігорскага “Шахцёра” збіраюцца байкатаваць матч з “Віцебскам”

Матч з "Віцебскам" запланаваны на заўтра, 18 кастрычніка. Пра наспяваючы байкот паведаміў журналістам галоўны трэнер "кратоў" Андрэй Гусаў.

"Я не ведаю , як заходзіць да хлопцаў у распранальню і што казаць падначаленым. Я проста стаміўся, і ад бяссілля змяніць сітуацыю іншы раз хочацца выць. Людзі прыходзяць на трэніроўку, на гульню, але не думаюць пра хакей. У іх адна думка: як пракарміць свае сем'і", — сказаў Гусаў ў сераду на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння хатняй гульні супраць наваполацкага "Хіміка-СКА"(1:3).

"Я ўжо не ведаю, да каго звяртацца, — дадаў трэнер. — Толькі што капітан і яго асістэнты падышлі да мяне і сказалі, што каманда не выйдзе на наступны матч супраць "Віцебска", таму што працаваць у такіх умовах проста невыносна. Тут няма нічога ад прафесійнага спорту, тут няма нічога ад прафесіяналізму. Людзі сякуцца, змагаюцца, абматаныя усё, у бінтах, з лёдам сядзяць, без зубоў —заходжу ў распранальню, гляджу на іх, і мне плакаць хочацца".

"Як я магу ім прад'яўляць нейкія прэтэнзіі або прымушаць нешта рабіць? Я пакідаю сваё сэрца на гэтай працы з раніцы да позняга вечара... Шчыра — не ведаю што рабіць. Калі каманда нікому не патрэбна, прыйдзіце і скажыце: "Вы нікому не патрэбныя". Калі каманда патрэбная, дык прашу ставіцца да людзей па-чалавечы", — цытуе Гусава прэс-служба "Шахцёра".

Генеральным спонсарам каманды з'яўляецца ААТ "Беларуськалій". Пасля 15 матчаў “Шахцёр” з 19 ачкамі займае 7 месца сярод 10 удзельнікаў чэмпіянату, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, у канцы жніўня "Беларуськалій" быў вымушаны спыніць два рудніка і сур'ёзна скараціць вытворчасць угнаенняў. Прычына — разрыў з "Уралкаліем" і цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі на знешніх рынках.

На фота: прэс-канферэнцыя пасля матчава з "Хімік-СКА". Андрэй Гусаў справа.

Фота: hcshahter.by.