Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі "Давосу", але выйшлі ў паўфінал

Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі "Давосу", але выйшлі ў паўфінал

Хакеісты мінскага "Дынама" ў Швейцарыі на турніры "Кубак Шпенглера" прайгралі мясцоваму "Давосу" — 4:5 (1:1, 2:3, 1:1). Дзве шайбы закінуў Аляксандр Паўловіч, па 1 — Роб Клінкхамер (у меншасці) і Даніла Карабань. "Дынама" з 5-й хвіліны выйгравала з лікам 1:0, але пасля здарыўся правал — на 30-й прайгравала — 1:4 (тры шайбы швейцарцы закінулі ў большасці). У далейшым мінчукі двойчы скарачалі разрыў у ліку да мінімуму, але зраўняць яго не ўдавалася.

Нягледзячы на паражэнне, мінскае "Дынама" за кошт лепшай розніцы закінутых і прапушчаных шайбаў заняло ў групе першае месца (усе каманды набралі па 3 ачкі) і выйшла ў паўфінал наўпрост. Нагадаем, у папярэдніх матчах беларускі клуб выйграў у зборнай Канады — 7:4, а канадцы перамаглі "Давос" — 4:3.

У 1/2 фіналу "Дынама" будзе чакаць пераможцу сённяшняга чвэрцьфіналу паміж "Маўнтфілдам" і зборнай Канады. Паўфінал пройдзе 30 снежня, пачатак у 17.05. У іншым матчы 1/4 фіналу згуляюць "Давос" і "Аўтамабіліст", пераможца ў паўфінале згуляе з "Лугана".