Гульца БАТЭ Віталя Гайдучыка аддалі ў арэнду грэчаскаму “Астэрасу”

Гулец барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ 27-гадовы Віталь Гайдучык пераходзіць у грэчаскі клуб “Астэрас”, які гуляе ў элітным дывізіёне чэмпіянату сваёй краіны. Беларускага спартсмена аддалі ў арэнду на паўгода.
Гайдучык выступаў за БАТЭ цягам апошніх чатырох сезонаў і выйграваў тытул чэмпіёна Беларусі і Кубак краіны, а таксама бронзу чэмпіянату Еўропы ў складзе моладзевай зборнай Беларусі. Да гэтага ён пяць сезонаў гуляў у брэсцкім “Дынама”, выхаванцам якога і з’яўляецца.
Нядаўна ў арэнду на паўгода здалі Мікалая Сігневіча — таксама ў Грэцыю, у клуб “Платаніяс”. Такім чынам, у чэмпіянаце Грэцыі будуць выступаць чатыры беларускія футбалісты — апроч Гайдучыка і Сігневіча гэта паўабаронца Дзмітрый Бага і брамнік Андрэй Гарбуноў, якія гуляюць за “Атрамітас”, перадае БелаПАН.