Грамадскую актывістку затрымалі на палігоне вучэнняў “Захад-2017”

Грамадскую актывістку Наталлю Гарачку-Басалыгу затрымалі на тэрыторыі палігону вайсковых вучэнняў “Захад-2017”. Яна прыехала туды 1 верасня, каб праведаць сына Івана, які праходзіць тэрміновую службу і цяпер знаходзіцца на палігоне пад Барысавам.
Там размешчана частка падраздзяленняў, задзейнічаных у вучэннях. Увечары таго ж дня Гарачка-Басалыга паспела патэлефанаваць калегам і паведаміла, што знаходзіцца ў аўтамашыне расійскіх вайскоўцаў у Барысаве.
Па яе словах, яна выйшла з маршруткі №10 на скрыжаванні каля “Барысаў-Арэны” і пайшла ў бок лесу. Следам рушылі двое вайскоўцаў. Неўзабаве пад’ехала машына, на расійскім нумары быў пазначаны 50-ты рэгіён Расіі. Яе прымусілі сесці, унутры былі два расійскія вайскоўцы, адзін з капітанскімі пагонамі. Не прадставіліся, не сказалі, хто яны такія і куды вязуць.
У выніку прыбылі на КПП №1. Там з ёй, па словах актывісткі, размаўляў беларускі афіцэр, які назваўся падпалкоўнікам Галавіным. У гутарцы ён выкарыстоўваў нецэнзурныя выразы. Пасля гэтага выклікаў міліцыю, супрацоўнікі якой даставілі затрыманую ў Барысаўскі РАУС.
Натальлю Гарачку-Басалыгу апытаў аператыўны дзяжурны капітан міліцыі Мікалай Мікуліч і сказаў, што яна вольная. Аднак у гэты час атрымаў па тэлефоне загад не адпускаць жанчыну на падставе таго, што едзе начальства і хоча з ёй пагутарыць.
Неўзабаве да РАУС на праспекце Рэвалюцыі, 20 пад’ехаў чорны ўседарожнік. З аўтамабіля выйшлі два чалавекі ў цывільным, за рулём быў кіроўца ў вайсковай форме. Ніхто з іх не прадставіўся і не паказаў ніякіх дакументаў, але было прынятае рашэнне затрымаць Гарачку.
Цяпер вядома, што Гарачку вінавацяць у дробным хуліганстве і будуць судзіць. Сама актывістка называе дзеянні вайскоўцаў спробай выкрадання, перадае Радыё Свабода.