Гомельскі журналіст: Перад выбарамі адміністрацыйныя справы “завіслі ў паветры”

Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, які закранае ў сваёй працы вострыя сацыяльныя тэмы, за апошнія паўгады неаднаразова штрафавалі за дзейнасць без акрэдытацыі. Аднак перад выбарамі "ўсталявалася зацішша", кажа ён.
Так, не мае працягу складзены каля двух месяцаў таму пратакол за здымку сюжэта пра свіную чуму ў Рэчыцкім раёне. А са справай, распачатай месяц таму за здымкі ў вёсцы Светлагорскага раёна, дзе ў людзей не было вады, улады, паводле слоў журналіста, “гуляюць у пінг-понг”.
Жукоўскі: “Са Светлагорска дасылаюць пратакол у суд Цэнтральнага раёна Гомеля, каб мяне судзілі. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля знаходзіць нейкую недапрацоўку ў пратаколе і дасылае ім назад. І так ужо два разы было. У сувязі з выбарамі ўлада нібы гуляе ў нешта. Але справы ёсць, справы ляжаць пад сукном, і гэта пасля выбараў стрэліць”.
Тая ж самая сітуацыя са складзенымі пратаколамі і ў напарніцы Кастуся Жукоўскага Наталлі Крывашэй.
Нядаўна журналістам прыгразілі яшчэ адным пратаколам за здымку ў Лоеўскім раёне. Аднак далей за пагрозы справа пакуль не пайшла.
Галоўнае фота: ria.ru