Гомельскі ізалятар зрабіў зніжку "дармаеду", а з пенсіянера ўзяў у 4 разы больш

Гомельскі ізалятар зрабіў зніжку "дармаеду", а з пенсіянера ўзяў у 4 разы больш

Вы думаеце, што пакаранне затрыманых падчас сакавіцкіх акцый пратэсту заканчваецца, калі за іх спінай бразгаюць дзверы ізалятара? Вы памыляецеся. "У плечы" ўсе арыштаваныя атрымліваюць рахунак за клопат, якім іх акружыла дзяржава.

Звычайна, за адны суткі зняволення трэба заплаціць палову "базавай": 10,5 рубля. Але ў Гомелі сістэма дала збой.

"Два чалавекі ў адзін і той жа дзень атрымалі па 8 сутак адміністрацыйнага арышту. Яны адсядзелі гэтыя суткі, аднолькава харчаваліся. Але аднаму выпісалі рахунак на 23 рублі, другому — на 80 рублёў 50 капеек", — распавядае Еўрарадыё гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. На яго старонцы ў "Фэйсбуку" — копіі дакументаў:

Гомельскі ізалятар зрабіў зніжку "дармаеду", а з пенсіянера ўзяў у 4 разы больш

Розніца — у чатыры разы: першы заплаціў па 2,87 рубля за дзень, другі "наеў" аж на 10,06 рубля. А кармілі ўсіх аднолькава!

"Мы звярнуліся ў ізалятар з просьбай патлумачыць розніцу. А жартам паміж сабой кажам, што, відаць, нехта сушы сабе ў камеру замаўляў!" — працягвае Леанід Судаленка.

Магчыма, разгадка крыецца ў тым, што першы з вязняў, пра якіх кажа праваабаронца, нідзе не працуе, а другі — пенсіянер, то бок, мае якую-ніякую крыніцу даходу. "Тарыфы" на знаходжанне ў ізалятары ў кожнай вобласці Беларусі вызначаюцца асобна. Таму, тэарэтычна, у асобна ўзятай Гомельскай вобласці можа існаваць зніжка "на суткі" для "дармаеда".

Але ў гомельскім ізалятары пра такое не чулі.

"За 8 сутак — 92 рублі. Розніца магчымая, але сума будзе не такая значная, — кажуць там. — Напрыклад, людзі могуць выходзіць у розны час. Адных паспелі пакарміць, іншых — не. Пытанне таксама, калі чалавека затрымалі. Калі ён тут знаходзіўся да суда, за першыя двое-трое сутак могуць увогуле не налічваць.

Але такога, каб налічылі два рублі за дзень, не можа быць адназначна. Максімум, калі харчаванне не замаўлялі, гэта мінус 3,50 за дзень. Вось столькі за трохразовае харчаванне кожны дзень налічваецца".

У ізалятары падкрэсліваюць: "тарыфы" вызначаюць не яны. Але спробы знайсці дакумент у мясцовым Савеце дэпутатаў скончыліся нічым. Ці існуе ільгота для "дармаедаў" — пакуль загадка.

"А ёсць у нас і супрацьлеглы прыклад, — распавядае Леанід Судаленка. — Актывіст Уладзімір Кацора атрымаў 12 сутак, і ў першы ж дзень знаходжання ў ізалятары падаў заяву, што не будзе харчавацца казённай ежай. І так ён усе 12 сутак харчаваўся толькі тым, што прыносілі сваякі. Але па выхадзе з ізалятара таксама атрымаў рахунак — 11 рублёў 50 капеек за суткі! Ён таксама напісаў скаргу з патрабаваннем разабрацца, чаму так".