Год таму ў гэты дзень: як змянілася за год жыццё простага кіяўляніна — на фота
Аляксандр не мусіў апынуцца ў Кіеве 24 лютага 2022 года. Але насуперак планам вярнуўся дадому за некалькі дзён да пачатку вайны / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Увечары 23 лютага 2022 года кіяўлянін Аляксандр запрасіў дзяўчыну на спатканне.
— У прыгожую кавярню на беразе возера. А ў пяць раніцы я прачнуўся ад паведамленняў на тэлефон, якія прыходзілі ад маіх вучняў — я выкладаў англійскую — з усяго свету. "Саша, вайна пачалася, з табой усё добра?”
А потым пачаліся выбухі.
“У дзень, калі пачалася вайна, я мог быць у Галандыі”
Аляксандр не мусіў апынуцца ў Кіеве 24 лютага 2022 года. За тыдзень да пачатку вайны ён быў у камандзіроўцы ў Францыі. Хацеў яшчэ трохі павандраваць — і толькі пасля ехаць дадому.
— Быў варыянт з'ездзіць на тыдзень адпачыць да сябра ў Галандыю — але не атрымалася. Потым абдумваў, ці не паляцець у Турцыю або на Кіпр. Але тут бабуля захварэла на кавід — 86 гадоў. Вырашыў, што трэба хутчэй ехаць дадому.
Вяртацца было страшна. Уяўляў карціну: вось мы ляцім на самалёце — і тут пачынаецца абстрэл, і ракета трапляе ў самалёт. Як у амерыканскіх блакбастарах. Так, вельмі перажываў. Памятаю, нават напіўся ў той вечар.
Я шмат разоў думаў пра тое, як бы ўсё склалася, калі б я застаўся там, за мяжой. Але ў выніку гэты год стаў для мяне штуршком: я змяніў сферу дзейнасці, на што доўга не наважваўся. Не таму, што захацеў, а таму, што давялося.
Сёлета мы з'ехаліся з дзяўчынай — яшчэ адна змена. Мы і так планавалі жыць разам, але, напэўна, вайна гэта паскорыла.
Як ажываў Кіеў?
За гэты год Аляксандр назіраў за зменамі Кіева. Спачатку на звыклых вуліцах з'явіліся нязвыклыя супрацьтанкавыя вожыкі і бетонныя блокі. Але ўжо ў траўні горад пачаў расцвітаць.
— Пачалі адкрывацца першыя ўстановы. Але тады ў горадзе яшчэ было вельмі мала транспарту, адчувалася, што гэта далёка не ранейшае жыццё.
Але ўжо праз некалькі месяцаў, летам, Кіеў пачаў па-сапраўднаму адраджацца. З'явіліся заторы на дарогах, а на паліцах крамаў — прадукты. Не тавары першай неабходнасці — крамы пачалі выглядаць так, якімі мы прывыклі іх бачыць. Хоць і цэны падняліся вельмі моцна.
Калі адкрылася цэнтральная станцыя метро — "Крашчацік" — злавіў сябе на думцы, што я ўжо адвык яе бачыць. Доўгі час нам паказвалі яе толькі па тэлевізары, цягнікі на ёй не спыняліся.
Цяпер гэтая станцыя — капсула часу. Калі я ўпершыню за год спусціўся па эскалатары ўніз, там яшчэ віселі афішы канцэртаў, якія так і не адбыліся. Афішы, рэкламныя абвесткі — усё гэта нагадвала пра тое, якім магло быць жыццё, калі б не прыйшоў сусед, якога не клікалі.
Іншыя плакаты — з разбуранымі дамамі і расплаўленымі танкамі — вярталі ў жудасныя рэаліі гэтага года.
Памятаю, на выхадзе з метро ўзнікла пачуццё дэжавю: там блукаў чалавек, пераапрануты ў касцюм ці то ваўка, ці то сабакі. Звыклая карціна Крашчаціка, усе, хто бываў у Кіеве, яго бачыў. І цяпер ён там ходзіць, блукае, вяселіць людзей. І людзі ўсміхаюцца. І жыццё працягваецца.
Адна паездка за межы Кіева і адзін паход у кіно
Планы на 2022 год у Аляксандра былі зусім іншыя. Цяпер часта не заўсёды атрымліваецца нават проста сустрэцца з сябрамі — жыццё карэктуе каменданцкая гадзіна. Праз перабоі са святлом усю зіму даводзілася падганяць планы пад графік адключэнняў.
— У 22-м годзе хацеў з'ездзіць на канцэрт Озі Озбарна. Вядома, не з'ездзіў. А ён яшчэ і на пенсію пайшоў. Мог бы трошкі пачакаць.
Я планаваў падарожнічаць, убачыць новыя краіны. У выніку за гэты год я толькі адзін раз выехаў за межы Кіева. Але ў такіх падарожжах адчуваеш сябе не вельмі камфортна, цяпер спакайней знаходзіцца ў сталіцы. Тут прынамсі ёсць ілюзія нармальнага жыцця.
Так, пастаянна гучаць трывогі, працуе СПА, бываюць выбухі. Але да ўсяго прывыкаеш. І да гэтага мы таксама прывыклі. Сірэна гучыць — ну, гучыць. Можна далей гатаваць сняданак і збірацца на працу.
Праўда, усё трохі змянілася пасля 31 снежня. Тады, напярэдадні Новага года, прылёт быў у дом у самым цэнтры горада. За пяцьсот метраў ад майго дома. Тады людзі працверазелі і пачалі зноў спускацца ў сховішчы.
І, нягледзячы на той прылёт, Новы год мы ўсё ж адзначылі. Святкавалі, быццам нічога не было. Хацелася адцягнуць увагу.
За год Аляксандр і яго дзяўчына адзін раз схадзілі ў кіно — на "Аватара".
— Жартавалі, што ўсё заснавана на рэальных падзеях. Увогуле, зразумела, хто ў гэтым фільме Украіна, а хто — Расія. Цяпер ужо неяк нязвыкла хадзіць у кіно. Я сказаў "нязвыкла" ці "непрыстойна"? Нязвыкла. Але ў пэўным сэнсе і непрыстойна — у многіх людзей цяпер гэтай магчымасці няма.
Ведаю, што яшчэ выходзіў нейкі супергеройскі "марвелаўскі" фільм. Але наогул, я думаю, "Марвелу" час здымаць фільмы пра нашых салдат. Гэта новыя супергероі.
Што чытаў? Ды ўсякую бізнес-літаратуру і навіны. Бясконцыя стужкі навін. А на звычайную добрую літаратуру няма ні часу, ні настрою.
У цэлым стараешся ўвесь час чымсьці адцягнуць увагу. Робіш усё тое ж, чым і год таму займаўся кожны дзень. Цяпер яны вельмі дапамагаюць жыць. Нават банальны паход па прадукты ў краму дапамагае.
Як за гэты год змяніўся Зяленскі?
— Ён стаў мудрэйшым. І папулярнасць набыў шалёную. Ён цяпер сусветны лідар нумар адзін.
Чалавек многае зрабіў, шмат чаго дамогся. І для нас важна, што ён застаўся з намі ў Кіеве. Нават калі і ёсць да яго якія-небудзь прэтэнзіі, то пра гэта будзем гаварыць пазней.
Як і Зяленскі, з пачаткам вайны Аляксандр пачаў часцей размаўляць на ўкраінскай мове.
— Да вайны я часцей гаварыў на рускай — і ўсё роўна часта насіў вышыванку. Цяпер свядома часцей размаўляю на роднай мове. Хоць праз працу выходзіць, што большую частку свайго жыцця я размаўляю на англійскай.
Як змянілася стаўленне да Беларусі?
— “МіГ” на вашым аэрадроме вельмі раздражняе.
Кожны раз, як на беларускім аэрадроме "Мачулішчы" ўзлятае самалёт МіГ-31К, па ўсёй Украіне абвяшчаюць паветраную трывогу. Гэты тып самалётаў у Беларусь перакінула Расія. МіГ такой канфігурацыі можа несці гіпергукавыя ракеты "Кінжал", здольныя праляцець 2 тысячы кіламетраў.
Калі ўкраінцы атрымліваюць на тэлефоны паведамленні пра тое, што трывога абвешчаная для ўсіх абласцей, яны ведаюць, што адбываецца на беларускім аэрадроме ў Мачулішчах.
Планы на 24 лютага
— Год таму ў гэты дзень было поўнае неразуменне, што будзе заўтра. Ці будзе наогул "заўтра".
А цяпер? Так, які ў нас заўтра дзень? Пятніца? Прыгатую сняданак, схаджу на працу. Прыйду дадому, замоўлю што-небудзь смачнае, абдыму дзяўчыну. Што-небудзь паглядзім ці проста пасядзім, пабалбочам.
Ведаеце, які быў для мяне самы цяжкі час за гэты год? Дні, калі я не ведаў, ці вернецца мая дзяўчына з Польшчы ва Украіну. Але яна прыехала — і далей жыць стала нашмат лягчэй.
Мне здаецца, што медыя нагнятаюць, калі кажуць, што ў гадавіну вайны можа адбыцца нешта асабліва страшнае. Не думаю, што яны зноў паспрабуюць захапіць Кіеў. Хоць доля імавернасці, што захочуць паўтарыць, ёсць.