Генпракуратура перадала ў суд справу экс-адваката Аляксандра Данілевіча

Аляксандр Данілевіч / spring96.org
Генпракуратура перадала ў суд справу экс-адваката Аляксандра Данілевіча, пішуць праваабаронцы. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: заклікі да санкцый (арт. 361) і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4). Данілевіч даваў інтэрв'ю "экстрэмісцкім" рэсурсам, а таксама дапамагаў Беларускаму фонду спартовай салідарнасці.
Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны з 9 жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года "сродкам давання парадаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны". Акрамя таго, Данілевіч "падрыхтаваў і адрэдагаваў тэксты не менш за трох зваротаў ад прадстаўнікоў "страйкавых камітэтаў", у якіх выказаў загадзя ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дагаворныя адносіны з беларускім контрагентам". Гаворка ідзе пра звароты да нарвежскай кампаніі "Yara", якая была найбуйнейшым кліентам "Беларуськалія".
Данілевіча затрымалі ў траўні 2022 года. А перад гэтым — у красавіку — яго звольнілі з факультэта міжнародных адносін БДУ, дзе ён прапрацаваў 20 гадоў. "БДУ звальняе мяне за грамадзянскую пазіцыю. Не працягвае кантракт, нават не тлумачачы чаму", — казаў тады экс-адвакат.
Праваабаронцы прызналі Аляксандра Данілевіча палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.