Гаспадар БЧБ-шыльды: участковая цікавілася, ці не "палітычны" я

Андрэй Дражын / 1reg.by
Андрэй Дражын / 1reg.by

За размешчаную на фасадзе дома БЧБ-шыльду з назвай вуліцы Камсамольскай жыхар горада Іванава атрымаў штраф 1160 рублёў. Шыльда вісела некалькі гадоў, але пытанні выклікала толькі 26 сакавіка 2020 года — у гэты дзень да Андрэя Дражына дадому зайшлі міліцыянеры. Шыльду знялі, склалі пратакол, у якім бела-чырвоную шыльду прызналі "правядзеннем адзіночнага пікета". Увечары таго ж дня мужчыну змясцілі ў ІЧУ, увечары 29 сакавіка выпусцілі да рашэння суда, а 30-га суд прызначыў штраф.

— Пратакол пісалі на вуліцы. Панятыя распісаліся, і старшы з міліцыянераў мне кажа: "Едзем у ОУС, дапішаш ужо там", — расказвае Еўрарадыё Андрэй. — Я пытаюся: мне рэчы з сабой цёплыя браць? Мяне там зачыняць ці не? "Не-не, вас ніхто не будзе зачыняць". Па прыездзе ў ОУС участковы вельмі доўга пісаў нейкія паперы, а потым кажа: "Здавайце асабістыя рэчы, вы берацеся пад варту". Можа быць, яму [міліцыянеру. — Еўрарадыё] зверху нейкая каманда паступіла, каб мяне зачынілі.

Хозяин БЧБ-таблички: участковая интересовалась, не являюсь ли я “политическим”
У часе ператрусу ў Андрэя Дражына дома / Еўрарадыё

Але хіба шыльда на доме — прычына браць чалавека пад варту?

— Можа быць, пабаяліся, што на выходных [27–28 сакавіка. — Еўрарадыё] будуць масавыя пратэсты, і прэвентыўна мяне затрымалі, захацелі пакінуць мяне на месцы, — мяркуе Андрэй. — Пабаяліся, што ці мала я ў Мінск паеду. А можа быць і такое, што, маўляў, раз у цябе шыльда — то мы цябе возьмем і зняважым. Калі б не падтрымка людзей, то, хутчэй за ўсё, мяне зачынілі б на судзе, дадалі б яшчэ сутак і маглі б не выпусціць.

Па словах Андрэя, шыльды на доме віселі даўно і ў міліцыі пра гэта ведалі.

— Гады два-тры таму да мяне прыходзіла ўчастковая, бачыла гэту шыльду, нават звярнула на яе ўвагу. Пацікавілася ў духу, "ці не палітычны я". У мяне ў суседа шыльда на рускай лацінцы. Я вырашыў вылучыцца і напісаў на беларускай лацінцы. Гэта ўсё рабілася яшчэ да таго, як пачаліся ганенні на людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. Я і не думаў ніколі, што магу за гэта пацярпець.

Андрэй кажа, што ў яго разуменні пікетаванне — гэта відавочна не шыльда на доме з назвай вуліцы. Але суд палічыў інакш.

— З рашэннем суда, вядома, не згодны. Мне ставілася ў віну пікетаванне. Але як я вычытаў, пікетаванне — гэта калі чалавек стаіць з плакатам, калі на плакаце нешта напісана. Вось гэта ёсць пікетаванне. А яны сказалі, што калі вісіць шыльда на доме, значыць, гэта і ёсць пікетаванне, — здзіўляецца Андрэй Дражын. — У часе суда я падаў фатаграфіі майго дома. Я паказаў фота першай, дакладна такой самай выцвілай таблічкі аранжавага колеру, якая вісела да гэтага. Суд пад увагу не прыняў, але далучыў да справы. Ёсць і паказанні сведак — суседзяў, прадаўцоў — усё казалі, што шыльда вісіць даўно і ніхто на яе ўвагі не звяртаў. Але ўсё роўна мяне прыцягнулі да адказнасці за тое, што нібыта яна з'явілася 26 сакавіка.

Хозяин БЧБ-таблички: участковая интересовалась, не являюсь ли я “политическим”
Пасля прыезду міліцыі Андрэй Дражын здымае шыльды з назвай вуліцы / Еўрарадыё

Нанова вешаць бела-чырвоныя шыльды гаспадар дома пакуль не збіраецца.

— Шыльды суд пакінуў у якасці рэчавых доказаў. Мне не хочацца вешаць новыя, каб не правакаваць гвалт у дачыненні да мяне. Калі б прызналі мяне невінаватым, то можна было б павесіць. Цяпер далі сорак базавых, а наступным разам што — дадуць сто базавых? Не лічу мэтазгодным вешаць шыльду паўторна цяпер.

Андрэй Дражын працуе на прадпрыемстве "Белсолад" рабочым-сіласнікам. У яго ёсць жонка і трое дзяцей. Старэйшы сын Андрэя Мікіта на час пакінуў дом — баіцца пераследу з боку міліцыі за тое, што паведаміў пра справу бацькі. "Пакуль яго ніхто не шукае, прынамсі, да нас ніхто не прыходзіў, не даведваўся, дзе Мікіта і што з ім. Але я вельмі моцна перажываю, калі яго дзесьці зачыняць", — хвалюецца Дражын.

Хозяин БЧБ-таблички: участковая интересовалась, не являюсь ли я “политическим”
Андрэй Дражын з сям'ёй / Еўрарадыё

У Іванаўскім ІЧУ да Андрэя ставіліся нармальна. Ён звязвае гэта з падтрымкай сям'і і грамадскасці:

— Да мяне ставіліся даволі ветліва. Але з людзьмі, якія выпіваюць, якія неаднаразова папаліся на алкаголі, з імі горш ідуць справы. Калі я патрабаваў "Дайце мне матрац добры, не магу спаць на такім матрацы, дайце чыстыя прасціны, а не гэтыя анучы", то казалі "Так, зараз прынясём". Там было накурана так, што немагчыма прадыхнуць, і я сказаў, каб уключылі вентыляцыю. Яны ўключылі, адчынілі акно.

Хлопцы сядзелі па 15 сутак, іх не выпускалі на прагулкі. Да людзей, якія баяцца ўладаў ці ў якіх няма падтрымкі, ставяцца вельмі непрыгожа.

Тое, што цяпер адбываецца ў краіне, можна назваць адным словам — безмеж. Што захочуць з чалавекам зрабіць, тое і зробяць. І добра, што ў мяне была падтрымка, што акрамя маёй сям'і яшчэ нехта ведаў пра гэта. Хутчэй за ўсё, агалоскі яны пабаяліся. Ішоў вось на працу, і некалькі чалавек, якія да гэтага выпадку звычайна проста віталіся, цяпер пытаюцца, ці ўсё ў мяне добра, ці ўсё абышлося. Агалоска была вельмі моцная.

Наконт таго, ці варта падаваць апеляцыю на рашэнне суда, Андрэй будзе кансультавацца з юрыстамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.