ФСБ заявіла пра затрыманне 8 чалавек па справе аб падрыве Крымскага моста
Пажар на Крымскім мосце, 8 кастрычніка 2022-га / kommersant.ru
ФСБ РФ заявіла пра затрыманне 8 чалавек па справе аб падрыве Крымскага моста: пяці грамадзян Расіі, трох — Украіны і аднаго грамадзяніна Арменіі. Арганізатарам "тэракту" названае Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны, яго кіраўнік Кірыл Буданаў, а таксама "супрацоўнікі і агенты" (ФСБ прыйшло да такой высновы сумесна са Следчым камітэтам, раней жа падазравалі датычнасць СБУ). Як вядома, Украіна афіцыйна не брала на сябе адказнасць за згаданую акцыю. У ГУР ужо адрэагавалі на абвінавачванні.
З паведамлення ФСБ вынікае, што затрыманыя падазраюцца ў "падрыхтоўцы злачынства", а непасрэдныя выканаўцы не затрыманыя.
Выбух на Крымскім мосце адбыўся раніцай 8 кастрычніка. Два пралёты аўтамабільнай яго часткі абрынуліся, загарэліся цыстэрны цягніка, які ў той момант быў побач на чыгунцы. Яшчэ 10 кастрычніка Уладзімір Пуцін абвінаваціў у здзяйсненні "тэракту" ўкраінскія спецслужбы.
Па версіі расійскага следства, выбухоўка была ў грузавіку, які ехаў па мосце. Сцвярджаецца, што груз рулонаў з будаўнічай поліэтыленавай плёнкай на 22 палетах у пачатку жніўня быў адпраўлены з Адэсы ў Балгарыю, адтуль — у Грузію, далей — у Арменію. У Ерэване "былі заменены дакументы" на груз, адпраўнікам стала армянская фірма, а атрымальнікам — маскоўская. На зарэгістраваным у Грузіі грузавіку яго прывезлі ў Армавір у Краснадарскім краі, дзе дакументы на груз зноў былі зменены. Адпраўнікам стала прадпрыемства з Ульянаўска, а атрымальнікам — неіснуючая фірма ў Крыме. Далей палеты загрузілі ў грузавік грамадзяніна Расіі Махіра Юсубава, які павёз яго ў Сімферопаль. Па версіі ФСБ, у рулонах яшчэ ва Украіне была схаваная выбухоўка.
ФСБ называе прозвішчы людзей, якія "засвяціліся" ў гэтай схеме. Сцвярджаецца, што перасоўванне грузу па ўсім маршруце кантраляваў супрацоўнік украінскай ваеннай разведкі, які прадстаўляўся "Іванам Іванавічам".
Затрыманыя 8 чалавек з 12-ці, якія вядомыя ФСБ.