ФСБ Расіі абяцае пакуль не рабіць новыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю

Распараджэнне пра памежную зону на мяжы Расіі і Беларусі набывае моц 6 лютага. Пра гэта журналістам Радыё "Свабода" паведамілі ў памежнай службе ФСБ Расіі.
Як стала вядома 1 лютага, напрыканцы 2016 года дырэктар ФСБ Расіі загадаў устанавіць памежную зону на мяжы з Беларуссю.
Па словах расійскіх памежнікаў, беларусаў змены ў памежным рэжыме не закрануць: нашым суграмадзянам проста трэба мець пры сабе пашпарт пры перасячэнні мяжы з Расіяй. Змены найперш закранаюць грамадзян трэціх краінаў — усіх, акрамя Беларусі і Расіі. Зрэшты, іх ужо з восені 2016 года не прапускаюць праз беларуска-расійскую мяжу, а прапаноўваюць заехаць у Расію праз іншую мяжу.
Памежнікі запэўніваюць, што дадатковых праверак беларусаў не будзе. Новыя пункты пропуску таксама ставіць пакуль не плануецца: гэта "даволі вялікая справа".