ФК "Полацк" не прыехаў на матч са "Слонімам" — няма грошай
Матч 28-га тура першай лігі чэмпіянату Беларусі "Слонім" — "Полацк" адменены.
Як паведамляе Goals.by, госці не змаглі выехаць з Полацку, бо ў іх няма грошай. Гэта ўжо другі недаезд каманды на матч.
Раней паведамлялася, што "Полацк" спыніць выступ у першай лізе чэмпіянату краіны, аднак пазней было вырашана пакінуць каманду.
Старшы трэнер "Полацка" Яраслаў Камарыцкі кажа, што каманда засталася зусім без грошай, нават на харчаванне не атрымоўвала нічога. Па яго словах, маршруткі для паездак на гульні яны замаўлялі ў пазыку. За два апошнія выезды клуб не расплаціўся, таму маршрутчыкі адмовіліся даваць транспарт.
Па словах Камарыцкага, дырэктар клуба знік і яго не бачылі два з паловай месяцы. Трэнер не выключае, што пасля другога недаезду каманду здымуць з чэмпіянату.
Фота — fcpolotsk.by