Фінансавую дапамогу па беспрацоўі могуць павялічыць у 2016-2020 гадах

Памер фінансавай дапамогі беспрацоўным, якія знаходзяцца на ўліку ў цэнтрах занятасці, могуць перагледзець. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

“Вывучэнне магчымасці павелічэння памеру дапамогі па беспрацоўі і змены механізму матэрыяльнай падтрымкі беспрацоўных, у тым ліку і шляхам увядзення сістэмы страхавання ад беспрацоўя, запланавана на 2016-2020 гады”, — адзначылі ў прэс-службе ведамства.

На сёння выплата дапамогі па беспрацоўі робіцца са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай аховы насельніцтва. Ён створаны за кошт абавязковых адлічэнняў наймальніка на сацыяльнае страхаванне.

Дапамога па беспрацоўі цяпер складае ад 180 да 360 тысяч рублёў і выплачваецца на працягу 6 месяцаў. Пры ўмове, што беспрацоўны на працягу 12 папярэдніх месяцаў меў працу (прыбытак) не менш за 12 каляндарных тыдняў на ўмовах поўнага працоўнага дня.

Фота — freesmi.by