Еўракамісар Брунэр падтрымаў пазоў Літвы да Беларусі за міграцыйны крызіс

Еўракамісар Магнус Брунэр

Еўракамісар Магнус Брунэр / AP

Еўракамісар па ўнутраных справах і міграцыі Магнус Брунэр выказаў падтрымку Літве ў пазове супраць Беларусі і патрабаванні кампенсаваць шкоду ад міграцыйнага крызісу. Пра гэта ён заявіў падчас свайго візіту ў Літву.

"Я ўсебакова падтрымліваю ўсё, што робяць Літва і іншыя дзяржавы-чальцы ў пытанні вяртання сродкаў, я падтрымліваю пастанову, якую Літва прыняла ў гэтым пытанні", перадае LRT словы еўракамісара Брунэра.

На мінулым тыдні Літва падала на Беларусь у Міжнародны суд. Як паведамлялася краіна патрабуе ад рэжыму Лукашэнкі больш за 200 мільёнаў еўра ў якасці кампенсацыі за міграцыйны крызіс, арганізаваны афіцыйным Мінскам.

Таксама на мінулым тыдні Літва разам з васьмю дзяржавамі ЕС апублікавала адкрыты ліст з заклікам пераасэнсаваць тлумачэнне Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, асабліва ў пытанні міграцыі. Брунэр заявіў, што ён таксама падтрымлівае гэтую пазіцыю дзяржаў-членаў супольнасці.

Нядаўна Еўрапейскі суд па правах чалавека разгледзеў справы супраць Літвы, Латвіі ды Польшчы наконт патэнцыйна незаконнага абыходжання з мігрантамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.