Эксперты: Расія змяняе фармат сваіх дзеянняў ва Украіне
Пасля некаторай паўзы Уладзімір Пуцін зноў дэманструе рашучасць.
Пасля адыходу тэрарыстаў са Славянска, Краматорска іх сілы былі дэмаралізаваныя, частка баевікоў разбеглася, некаторыя вярнуліся ў Расію. Як адзначае "Інфармацыйнае Супраціўленне", гэта прымусіла Маскву "рэзка змяняць фармат праводзімай расійскай агрэсіі супраць Украіны". На працягу апошніх дзён тэрарысты спрабавалі распачаць "контрнаступ". Гэта стала магчымым пасля актыўнай перакідкі з Расіі наймітаў і вайсковай тэхнікі.
Украінскія эксперты адзначаюць, то цяпер танкі, "Грады", БТРы пастаўляюцца тэрарыстам з штатнымі экіпажамі і баявымі разлікамі з ліку расійскіх вайскоўцаў. Раней гэта былі вайскоўцы запасу. "Такім чынам, гаворка ідзе пра паўнавартаснае расійскае ваеннае ўварванне ў Данбас", — піша "Інфармацыйнае Супраціўленне".
Адначасова пачасціліся артылерыйскія абстрэлы расійскай тэрыторыі, якія праводзяць тэрарысты. Гэта дае магчымасць кіраўніцтву Расіі заяўляць, што іх тэрыторыю абстрэльваюць украінскія вайскоўцы. У гэты ж час расійскія войскі абстрэльваюць са сваёй тэрыторыі пазіцыі ўкраінскіх сілавікоў. Таксама адзначаецца ўварванне расіян на тэрыторыю Украіны для правядзення асобных акцый і аперацый, паведамляе "Інфармацыйнае Супраціўленне".
Украінскія эксперты перакананыя: Пуцін пасля некаторай паўзы ў канфлікце ва Украіне "зноў дэманструе рашучасць у працягу сваёй агрэсіі".
Тым часам маскоўская газета "Коммерсант" піша, што расійскае кіраўніцтва можа пайсці на нанясенне па ўкраінскай тэрыторыі "кропкавых удараў" — як адказ на абстрэлы з боку Украіны.
Фота — Reuters