Экс-сенатар з Рагачова паўгода не можа ўладкавацца на працу

Андрэй Шышкін / фота з яго тг-канала
Былы член Савета Рэспублікі Андрэй Шышкін паўгода не можа знайсці працу ў родным Рагачове.
"Сёння роўна 6 месяцаў, як я беспрацоўны. На вялікі жаль, усе мае шматлікія спробы працаўладкавацца ў Рагачове пакуль не прынеслі выніку", — перадае яго словы выданне "Флагшток".
Пры гэтым ён адзначыў, што ў мясцовай газеце ёсць вакантныя месцы, але яго на працу туды не бяруць.
У каментарах у тэлеграм-канале Шышкіна яму прапанавалі стварыць сваё незалежнае СМІ ў Рагачове і прадаваць рэкламу. На гэта прапагандыст адрэагаваў фразай: "Цікавая прапанова!"
52-гадовы Шышкін раней быў галоўным рэдактарам рагачоўскай раённай газеты "Свабоднае слова", чальцом райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі "Белай Русі". Потым яго прызначылі чальцом Савета Рэспублікі 7-га склікання, дэпутатам "Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі". Шышкін прапагандаваў ідэі "рускага свету", выказваў нянавісць да беларусаў, абражаў іх і нават заклікаў да забойстваў.
Пасля Савета Рэспублікі ён прыкладна паўгода кіраваў газетай "Мазырскі нафтаперапрацоўшчык". У сярэдзіне лістапада 2024-га Шышкін паведаміў, што пакідае рэдакцыю "па сямейных акалічнасцях".
У Рагачове ён паспрабаваў зарэгістравацца на біржы працы, але пасля сутыкнення з бюракратыяй пачаў крытыкаваць дзяржсістэму. У райвыканкаме адказалі, што прапагандысту прапаноўвалі "прадстаўнічую працу", але ён сам адмовіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.