Пры гэтым пра недахоп кадраў у сферах, дзе яны працуюць, паведамляюць 56% рэспандэнтаў. Самы адчувальны дэфіцыт на рынку працы адчулі жыхары Віцебскай і Мінскай абласцей, таксама гэта жыхары невялікіх гарадоў. Акрамя таго пра недахоп кадраў паведамляюць кіраўнікі арганізацый, людзі з узроўнем даходу 1200-1600 BYN, а таксама беларусы, якія працуюць з фізічнымі матэрыяламі, інструментамі і механізмамі.
Пры гэтым, кажучы пра адчуванні ад агульнай эканамічнай сітуацыі ў краіне, 26% апытаных беларусаў лічаць, што яна палепшылася ў параўнанні з годам таму, столькі ж перакананыя, што яна пагоршылася, пры гэтым 36% апытаных паведамляюць, што вялікіх зменаў не адчулі.
Таксама большасць рэспандэнтаў кажа, што матэрыяльнае становішча ў іх сем'ях за мінулы год не змянілася, 23% паведамляюць пра невялікае паляпшэнне, але 29% — што яно стала горшым.
Паводле ацэнак экспертаў, беларуская эканоміка ўвайшла ў гэты год у перагрэтым стане. Пры гэтым многія беларусы, якія ўзялі ўдзел у апытанні, захоўваюць аптымізм і вераць, што ў будучыні ўсё зменіцца да лепшага.
Теым часам…
Эканамісты б'юць трывогу
Адчуванне паляпшэння матэрыяльнага становішча ў сем'ях можа быць звязанае з далейшым павелічэннем заробкаў у Беларусі. Пра тое, чаму сітуацыю нельга назваць пазітыўнай, расказвае эканаміст Дзмітрый Крук.
— На фоне маштабнага дэфіцыту працоўнай сілы і рэгіянальных тэндэнцый на недахоп працы мы бачым, што гэта хоць і б'е па фінансавым стане многіх фірмаў, дынаміка заработнай платы працягвае падтрымлівацца на высокім узроўні. Тэмпы яе росту даволі высокія, што, адпаведна, падсілкоўвае спажывецкі аптымізм. Натуральна, для кожнага рост заробку — гэта добра. Тым не менш эканамісты б'юць трывогу, калі зарплата адрываецца ад сваіх фундаментальных параметраў. У апошнія два гады рост заробкаў у Беларусі не забяспечаны дынамікай прадукцыйнасці працы. Рост дынамікі заробкаў у краіне ідзе на шкоду фінансавай логіцы.
Прадпрыемствы прымаюць на сябе дадатковы цяжар, звязаны з залішнімі працоўнымі выдаткамі.