ЕГУ не стаў абскарджваць рашэнне суда наконт звольненага выкладчыка Сялецкага

Мастак Сяргей Сялецкі / Скрыншот видэа YouTube-канала ЕГУ
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт не збіраецца абскарджваць рашэнне Віленскага раённага суда наконт адхіленага ад працы дацэнта Сяргея Сялецкага. Гэта вынікае з ліста кіруючай рады і сходу саўладальнікаў універсітэта, які ёсць у распараджэнні Еўрарадыё.
“ЕГУ прымае рашэнне суда і абавязваецца выконваць яго. ЕГУ аднаўляе дацэнта Сялецкага на яго папярэдняй пасадзе і забяспечыць яго паўторную інтэграцыю ў акадэмічную дзейнасць”, – гаворыцца ў лісце.
Таксама там сказана, што кіраўніцтва ўніверсітэта ставіць за мэту “аднавіць давер паміж усімі членамі нашай акадэмічнай супольнасці і зноў пацвердзіць прыхільнасць прынцыпам узаемнай павагі, акадэмічнай сумленнасці і правоў асобы, якія закладзены ў Этычным кодэксе ЕГУ”.

Выканаўца абавязкаў рэктара абавязуецца забяспечыць, каб усе чальцы супольнасці ўніверсітэту “разумелі механізмы паведамлення, расследавання, разгляду і вырашэння парушэнняў Этычнага кодэкса ўніверсітэга”.
Мастака і выкладчыка Сяргея Сялецкага восенню 2023 года абвінавацілі ў харасменце некалькі студэнтак і выпускніц ўніверсітэта. Праз гэта ў снежні Сялецкага звольнілі. Амаль паралельна адлічылі студэнтку Таццяну Барысаву, якая публічна распавяла пра харасмент.
Сялецкі падаў на ЕГУ ў суд за незаконнае звальненне і выйграў яго, атрымаўшы кампенсацыю у памеры каля 40 тысяч еўра і ўзнаўленне на працоўным месцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.