Дзяцей у Беларусі законам абавяжуць паважаць дзяржаўныя сімвалы

Дзеці, ілюстрацыйнае фота / slonves.by
Цяпер дзеці ў Беларусі павінны "паважаць дзяржаўныя сімвалы РБ" і "захоўваць гістарычную памяць аб гераічным мінулым беларускага народа". Адпаведныя патрабаванні змешчаныя ў законе "Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей". Сёння ён апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Таксама ў законе зменены артыкул аб праве на свабоду аб'яднанняў. Раней дзеці маглі ствараць аб'яднанні, чыя дзейнасць не была накіраваная на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і не прапагандавала вайну і варожасць. Цяпер гэты артыкул дазваляе ствараць дзіцячыя грамадскія аб'яднанні, калі яны не накіраваныя на "тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць".
Новы закон уводзіць дадатковыя абмежаванні на працу з дзецьмі. Яны датычаць педагагічнай дзейнасці і права займаць пасады, звязаныя з выхаваннем. Раней гэта было забаронена толькі забойцам і людзям, якія ўчынілі іншыя цяжкія злачынствы. Цяпер жа пад забарону трапілі і палітычныя апаненты рэжыму Лукашэнкі, асуджаныя за "здзяйсненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці". Прычым забарона распаўсюджваецца нават на тых, у каго пагашаная "экстрэмісцкая" судзімасць або спынены пераслед.
Асноўныя палажэнні закона набываюць моц праз 6 месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.