Дзевяць сутак у чарзе, і гэта поспех. Сітуацыя на мяжы паляпшаецца, але марудна

Аўтамабіль, фота ілюстрацыйнае / pixabay
Кіроўца, які прама зараз адпраўляецца праходзіць мытны дагляд на беларуска-польскай мяжы, правёў у чарзе ўжо больш за 9 сутак, вынікае са звестак Белмытнясэрвісу.
Сітуацыя на мяжы ў апошнія дні некалькі палепшылася — на піку колькасць машын у электроннай чарзе перавышала 4,6 тыс., цяпер на выезд з Беларусі ў пункце пропуску "Брэст" стаіць каля 4,1 тыс. аўто. За апошнія суткі на дагляд было адпраўлена крыху менш за 500 машын.
Калі вы едзеце ў адпачынак, улічвайце пры планаванні час, які вам спатрэбіцца для перасячэння мяжы.
Нагадаем, што на пункце пропуску "Брэст" дзейнічае сістэма электроннай чаргі. Не трэба ўвесь тыдзень сядзець у машыне. Неабходна прыехаць на мяжу і зарэгістравацца ў сістэме. Пасля гэтага можна вярнуцца дадому і сачыць за сітуацыяй дыстанцыйна. Гэта зручна для жыхароў Брэста, але не вельмі зручна для тых, хто вымушаны ехаць для рэгістрацыі ў сістэме электроннай чаргі з іншых рэгіёнаў.
Цікава, што сітуацыя з аўтобусамі ў пункце пропуску "Брэст" зусім нармалізавалася: цяпер, па дадзеных "Белмытнясэрвісу", чаргі наогул няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.