Двое п’яных мінчан скралі і разбілі аўто свайго сябра (фота)
Звычайны паход у лазню скончыўся для іх крымінальнай прыгодай.
Сур’ёзная аўтааварыя здарылася сёння ўначы ў Мінску на перакрыжаванні Даўгінаўскага тракту і вуліцы Шчадрына. Кіроўца аўтамабіля Kia не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі, знёс дарожны знак “Пешаходны пераход” і паваліў плот каля прыватнага дома. Кіроўца збег з месца здарэння да прыбыцця супрацоўнікаў ДАІ.
Уцекача даволі хутка затрымалі, а разам з ім — пасажыра аўтамабіля. Абодва былі нецвярозыя. Пазней высветліліся ўсе акалічнасці гэтай гісторыі. Трое сяброў адпачывалі ў лазні і выпівалі. Калі адзін з прыяцеляў заснуў, двое іншых вырашылі ўзяць яго машыну і пакатацца па горадзе.
На кіроўцу, вінаватага ў аварыі, ужо склалі чатыры адміністратыўныя пратаколы: за ДТЗ, за пакіданне месца здарэння, за кіраванне ў нецвярозым стане, а таксама за тое, што сеў за руль, не маючы на гэта права. У 2009 годзе мужчына ўжо трапіўся на п’янай яздзе.
Гаспадар машыны ўжо напісаў заяву пра выкраданне транспартнага сродку і цяпер вырашаецца пытанне пра адкрыццё крымінальнай справы, паведамляе Onliner.by са спасылкай на прэс-службу ДАІ Цэнтральнага раёна сталіцы.