Дрон наш, але перароблены — літоўскі вытворца расказаў пра гродзенскі дрон

Гродзенскі дрон

Гродзенскі дрон / МУС

Дрон, які ўпаў у Гродне, быў выраблены літоўскай кампаніяй "Granta Autonomy", але перароблены. Пра гэта піша выданне Delfi са словаў дырэктара фірмы-вытворцы БПЛА.

Дэталі беспілотніка на фотаздымках нагадваюць часткі літоўскага апарата "Hornet XR". Такія дроны ўжо некалькі гадоў выпускае кампанія "Granta Autonomy". "Так, дрон сапраўды наш "Hornet XR", але відаць, што ён перароблены", — пракаментаваў дырэктар "Granta Autonomy" Гедымінас Гуоба.

Як дрон трапіў у Беларусь, мужчына сказаць не змог. Аднак ён запэўніў, што кампанія выконвае законы Літвы і міжнародныя канвенцыі, таму з дазволу кампаніі такі беспілотнік запусціць не маглі.

Паведамляецца, аднак, што з 2023 года сотні такіх дронаў былі пастаўленыя ва Украіну. На думку Гуобы, іх маглі захапіць расіяне. "Таму версію аб правакацыі нельга выключаць", — дадае Гуоба.

Выданне звяртае ўвагу, што ў сюжэтах на беларускай тэлевізіі на адным кадры бачныя пашкоджанні беспілотніка, а на іншым — дрон цэлы.

Таксама DELFI звяртае ўвагу на маршрут дрона, які назваў беларускі бок. Паводле версіі афіцыйнага Мінска, БПЛА вылецеў з Літвы, павінен быў праляцець над часткай Беларусі каля Гродна, потым праляцець над Польшчай да Быдгашча і вярнуцца назад тым жа маршрутам. Агульны маршрут павінен быў складаць блізу 1000 км — гэта ўдвая больш, чым можа пераадолець "Hornet XR".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.