Донары ўхвалілі першыя крокі новага кіраўніцтва ЕГУ
Супрацоўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі заявіў, што Еўрасаюз іх падтрымае.
Донары ўхвалілі першыя крокі новага кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ).
На пачатку чэрвеня ў Вільні прайшоў восьмы штогадовы сход асамблеі Траставага фонду Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Як адзначае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўніверсітэта, "донары пацвердзілі сваю прыхільнасць ЕГУ".
Траставы фонд ЕГУ — гэта незалежны орган, адказны за кіраванне і кантроль над ахвяраваннямі ў бюджэт універсітэта. Ён створаны ў адпаведнасці з мандатам Еўрапейскай камісіі і працуе ў шчыльным супрацоўніцтве з адміністрацыяй ЕГУ. За кошт ахвяраванняў у Траставы фонд ЕГУ фінансуецца прыкладна дзве траціны бюджэту ўніверсітэта. Гэта робіць даступным адукацыю ў ЕГУ для студэнтаў з Беларусі.
На асамблеі выступіў кіраўнік аперацыйнага аддзела прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Фрэдэрык Коэн. Ён адзначыў, што яго абнадзейваюць першыя крокі новай адміністрацыі ЕГУ: праца над стварэннем місіі, стратэгіі, праца над бюджэтам. "Мы павінны даць мандат універсітэту і кіраўнічай радзе, каб накіраваць ЕГУ ў патрэбнае рэчышча, каб зрабіць яго ўстойлівым універсітэтам, і Еўрапейскі саюз, безумоўна, гатовы падтрымаць вас у гэтым", — заявіў Коэн.
Новы рэктар ЕГУ Дэвід Полік падаў донарам план агульнага развіцця ўніверсітэта, задачы на новы навучальны год, спіс абавязкаў кіраўнічай рады ВНУ, працэс рэструктурызацыі і стратэгічнага планавання універсітэта, прынцыпы фінансавання, бюджэт і мэты на 2015/2016 навучальны год.
У сваю чаргу менеджэр Траставага фонду ЕГУ Мадс Майнерт заявіў: "Мы павінны аднавіць давер донараў, таму што было шмат дэзінфармацыі і непаразуменняў унутры і за межамі супольнасці донараў. Мы пацвярджаем нашу прыхільнасць ЕГУ".
Наступная асамблея Траставага фонду ЕГУ пройдзе ў чэрвені 2016 года.
Нагадаем, што новым рэктарам ЕГУ сёлета ўвесну быў абраны амерыканскі прафесар Дэвід Полік. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадскасці негатыўна ўспрынялі гэтае прызначэнне, бо мяркуюць, што пад кіраўніцтвам замежніка ўніверсітэт страціць "беларускі вектар развіцця".