Для "злодзеяў у законе" ў Крымінальным кодэксе могуць увесці асобны артыкул

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапануе зрабіць больш жорсткай адказнасць лідараў крымінальнага асяроддзя. Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік ведамства Ігар Шуневіч пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку.
"Намі падрыхтаваны новы законапраект аб узмацненні жорсткасці барацьбы з асабліва небяспечнымі відамі злачынстваў агульнакрымінальнай накіраванасці ў дачыненні да лідараў крымінальнага асяроддзя. Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся ў бліжэйшы час абагульніць усю наяўную інфармацыю па дадзенай тэматыцы, каб з зацікаўленымі кампетэнтнымі органамі абмеркаваць гэтыя прапановы на нарадзе з яго ўдзелам", — перадае БЕЛТА словы Шуневіча.
Міністр дадаў, што ў правапрымяняльную практыку мяркуецца ўнесці такія дэфініцыі, як "злодзей у законе", "аўтарытэт" і г.д. Гэтыя крымінальныя лідары, на думку Шуневіча, павінныя несці асаблівую адказнасць за кіраўніцтва злачыннасцю.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што з пяці вядомых "злодзеяў у законе" чацвёра знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Прапанаваныя МУС змены ў законе, кажа ён, дапамогуць больш эфектыўна паралізаваць развіццё гэтых працэсаў у крымінальным свеце.
Таксама на сустрэчы кіраўніка Беларусі з міністрам абмяркоўваліся змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Па словах Шуневіча, частка з іх датычыць правапарушэнняў па лініі ДАІ, а частка — іншых артыкулаў кодэкса, у тым ліку і па лініі грамадскай бяспекі.
Ён таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб стане барацьбы са злачыннасцю ў першым квартале гэтага года.