Далей трэба было знайсці крыніцу заробку. Дакументаў у Яўгена яшчэ не было, таму працаваць афіцыйна ён не мог. Дапамог муж сястры — знайшоў для яго "паўлегальную" працу на заводзе.
— Толькі праз тры месяцы, калі я папрасіў дазвол на працу, я змог афіцыйна ўладкавацца. Прыкладна ў той самы час мы з'ехалі ад сястры і пачалі здымаць двухпакаёвую кватэру — абыходзіцца яна нам у 1800 долараў за месяц.
Як кажа Яўген, яго заробку хапае, каб забяспечваць сям'ю і не застацца галоднымі. Дзеці ў школу ходзяць бясплатна, таму выдаткоўваць даводзіцца толькі на ежу і вопратку.
— Дзіўна, што ў Амерыцы цэны на адзенне такія ж, як у Беларусі, пры гэтым узровень жыцця тут на некалькі дзясяткаў гадоў апярэджвае беларускі. Ежа калі і даражэйшая, то некрытычна.
“Пра Беларусь чула адсоткаў 30-40 суразмоўцаў”
За няпоўны год жыцця ў ЗША з негатывам ад амерыканцаў Яўгену сутыкнуцца не давялося. Паводле яго, амаль усе, з кім ён мае зносіны, — вельмі добразычлівыя і ветлівыя людзі.
— Грубасці я пакуль не сустракаў, толькі калі на дарогах, і тое не факт, што гэта былі амерыканцы. Тут жа амаль усе ў другім ці трэцім пакаленні — мігранты. Напрыклад, у майго суседа бабуля і дзядуля — італьянцы, а ў яго жонкі польскія карані. Таму нас многія разумеюць і добра ставяцца.
Паводле назіраннящ суразмоўцы, людзі ў ЗША не заводзяць вялікіх кампаній сяброў. У асноўным усе камуникуюць у коле сям'і. Але нават нягледзячы на гэта, проста на вуліцы амерыканцы могуць падысці і пагаварыць.
— Быў момант, калі да нас проста на вуліцы падышлі мінакі, убачылі, што мы гуляем з дзецьмі, і майму малодшаму сыну падарылі электрычную машынку. І гэта ўсё выглядае ненадакучліва, ад душы. У Беларусі я такога ніколі не сустракаў.
Яўген кажа, што пра Беларусь чула адсоткаў 30-40 ягоных суразмоўцаў. Большасць, вядома, ведае пра Расію і пра тое, што Беларусь уцягнутая ў вайну супраць Украіны. Але некаторыя чулі крыху больш.
— Доктар, у якога мы былі на прыёме, напрыклад, ведаў тэнісістку Арыну Сабаленка. А аднаму майму знаёмаму вельмі падабаецца гурт "Молчат дома". На гэтым іх веды пра Беларусь заканчваюцца.
“У мяне ёсць дзве машыны, праца, дзеці ходзяць у школу”
Адаптацыя ў Яўгена і яго сям'і праходзіла па-рознаму. Напрыклад, сам мужчына і яго 15-гадовая дачка хутка прыстасаваліся. А вось жонцы і малодшым дзецям прывыканне даецца цяжэй.
— У цэлым, калі ўзяць любы аспект жыцця, нам тут лепш, чым у Беларусі. Расчаравання няма. Лукашэнка ўвесь час кажа пра сацыяльную дзяржаву, але што ў мяне ў Беларусі ёсць? Толькі родныя. А ЗША ўжо дапамаглі мне больш, чым "сацыяльная дзяржава" Беларусь за ўсё жыццё.
Юрыдычна ў Яўгена ў ЗША цяпер падвешаны статус. Супраць яго цяпер адкрыты працэс, які можа прывесці да выправажэння з краіны. Будзе суд, дзе трэба будзе даказаць, што ў Беларусі сям'і пагражае небяспека.
— Калі б я яшчэ раз вырашыў, я б не адмовіўся ад свайго рашэння пераехаць. Тут зусім іншы свет, дзе нават звычайны рабочы можа дазволіць сабе вельмі годнае жыццё. Вось я год пражыў, у мяне ёсць дзве машыны, праца, дзеці ходзяць у школу. У Беларусі не тое што машыну — куплю дзіцячага аўтакрэсла даводзілася планаваць.