Дадаецца, што пасля цырымоніі Дзяніс Кучынскі правёў серыю нефармальных размоваў з сусветнымі палітыкамі, між іншым, з прэзідэнтамі Аргенціны, Албаніі і Малдовы, сенатарамі Італіі, а таксама міністрамі замежных справаў Ірландыі, Нідэрландаў і Румыніі.
Яшчэ дарадца Святланы Ціханоўскай сустрэўся з іерархамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў – кардыналам Матэа Дзупі, Вярхоўным архібіскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаславам і Патрыярхам Варфаламеем.
Бакі абмяркоўвалі спосабы і метады вызвалення беларускіх палітвязняў, спыненне рэпрэсіяў, захаванне Беларусі на высокім узроўні ў міжнароднай павестцы, падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.
Як узгадаў Дзяніс Кучынскі, адна з яго першых вялікіх місіяў у Офісе Святланы Ціханоўскай у 2020 годзе была усталяваннем стасункаў з Ватыканам і перадача ліста ад Святланы Ціханоўскай да Папы Францыска праз Апостальскага Нунцыя ў Літве.
“Тады мы толькі пачыналі будаваць гэтыя кантакты, спрабуючы данесці да Святога Прастола голас беларускага народу, які змагаецца за праўду і свабоду. Папа Францыск верыў, што дыялог – гэта вырашэнне любога крызісу. Таму сённяшнія сустрэчы ў Ватыкане – гэта працяг той працы і сведчанне таго, што беларускае пытанне і надалей знаходзіцца ў сферы ўвагі ўплывовых міжнародных інстытутаў і лідараў”, — распавёў ён.