Дарэмна Лукашэнка гэта робіць: польскае памежжа (не) напружылася праз мігрантаў
Ад Гайнаўкі да мяжы з Беларуссю — крыху больш за 20 кіламетраў / Еўрарадыё
— А чаго пра мігрантаў думаць? Не трэба нам ніякіх мігрантаў, — кажа Людміла. Мы на рынку ў Гайнаўцы, хоць правільна па-польску гаварыць Хайнуўка. Людміла, як і многія, прыходзіць сюды з самай раніцы і прадае маліны. Пакупнікоў няшмат — шчыра кажучы, за гадзіну мы іх і не ўбачылі. Напэўна, таму Людміла згаджаецца пагаварыць. Толькі просіць не здымаць яе — саромеецца.
— Мы не маем нічога супраць беларусаў, украінцаў, — пераконвае жанчына. — Але калі мусульмане, то нам не патрэбныя.
— Вы ж ведаеце, што ў Афганістане адбылося? Магчыма, цяпер мігрантаў адтуль будзе больш.
— Ну, будзе больш, — Людміла ненадоўга задумваецца. — Небяспечныя людзі. Што робіцца ў Францыі, у Бельгіі, у Германіі. Яны працаваць не хочуць, а хочуць добра жыць.
Яна зноў паўтарае, што беларусам і ўкраінцам тут радыя:
— Мы самі беларусы, праваслаўныя. А мусульман... Мы не вельмі іх тут хочам... Яны працаваць не хочуць.
— А калі б хацелі працаваць, вы былі б не супраць?
— Ну, калі б нічога дрэннага не рабілі... Але калі чачэнцы наехалі ў Беласток — і дзверы падпальвалі, і яшчэ нешта... Але я не ведаю, я палітыкай не займаюся. Гэта раней было. Цяпер — не ведаю.
У траўні 2021 года паток мігрантаў з Ірака, Сірыі, Бангладэш і іншых краін Сярэдняй Азіі і Афрыкі, якія штурмуюць межы Еўрасаюза праз Беларусь, вырас у дзясяткі разоў. Пасля ўвядзення Еўропай санкцый і непрызнання Лукашэнкі прэзідэнтам краіны ў беларускіх памежнікаў рэзка "сапсаваўся зрок". Яны "не заўважаюць" сотні ўцекачоў, якія парушаюць дзяржаўную мяжу і спрабуюць ляснымі сцежкамі выбрацца з краіны.
Першай на сабе сітуацыю адчула Літва: у дзень рэгістравалася да 280 спроб трапіць у краіну. Літоўцы нават вырашылі пабудаваць уздоўж мяжы з Беларуссю сцяну з калючага дроту. Тым часам напружанасць вырасла і на беларускіх межах з Латвіяй і Польшчай. Дзясяткі мігрантаў тыднямі жывуць у раёне мяжы: памежнікі з Еўрасаюза не прапускаюць іх у ЕС, а беларускія сілавікі не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь.
Ад Гайнаўкі да мяжы Беларусі — кіламетраў дваццаць. Многія тут вызначаюць сябе як беларусы. З мясцовымі мы размаўляем на сумесі польскай, рускай і беларускай моў, але гэта са старэйшым пакаленнем. Напрыклад, з Юрам — ён ужо шмат гадоў гандлюе тут жа на рынку, і асартымент у яго вялікі: морква, агуркі, перцы, бульба... Дарэчы, танней, чым у Беларусі. Гаворыць, вырошчваць усё дапамагае сям'я. На жыццё досыць, а пасля таго, як улады пачалі даваць субсідыю фермерам на паліва, нават перастаў ездзіць у Беларусь па салярку. Словам, задаволены жыццём.
— Нядобра гэта, што Лукашэнка пачаў пускаць да нас гэтых мігрантаў з Азіі, — кажа Юра. — Ён робіць гэта нам на злосць?
— Не ведаю.
— Хочуць дапамагаць сваім нашы, ну, палякам у Беларусі... А Лукашэнку гэта не падабаецца. Вось ён і робіць так.
— Вы баіцеся, што мігрантаў стане больш?
— А навошта нам больш? Вядома, гэта дрэнна. Яны не прыязджаюць, каб працаваць, толькі хочуць далей, на Захад.
Зацікавіўшыся размовай, падыходзіць Юраў сябар — кажа, яго завуць Ваня. Стаіць, ківае — цалкам згаджаецца са сваім прыяцелем у ацэнцы таго, што адбываецца.
— А вам не шкада іх?
— А чаго іх шкадаваць? — Юра ўсміхаецца. — Яны не бедныя людзі. Бедныя людзі нікуды не едуць. А яны плацяць тысячы долараў, каб ехаць. Там жа ўсё на грошыках. Я хоць нармальны просты чалавек, але ўсё разумею... Бедныя не едуць.
У прымежных раёнах мігрантаў пакуль не бачылі. Юра тлумачыць гэта проста: добра працуюць польскія памежнікі. Пра "экспарт мігрантаў" тут даведваюцца з мясцовых газет, часам абмяркоўваюць з сябрамі або сям'ёй. Юра дадае, што "палітыкай не цікавіцца", але тут пытанне хутчэй бяспекі.
— Дарэмна гэта Лукашэнка робіць, — зноў круціць галавой Юра. Ваня тым часам пускаецца ва ўспаміны пра тое, як раней ездзіў у Беларусь.
— Вось часы былі, ездзіш туды-сюды, мы ж усе побач жывём, блізка. Возіш нешта. Сябры там, знаёмыя. А цяпер дзяўчынка адна выйшла замуж за беларуса, але ўехаць у Беларусь не можа! Што ж гэта такое?
Нягледзячы на лёгкую настальгію па былых часах ("У Маладзечне ездзілі гандляваць у пачатку 90-х, ну і жыццё было!"), Юра і Ваня задаволеныя сваёй краінай і сваім жыццём. Жывуць небагата, затое ніхто не перашкаджае, дый узровень прымальны.
Гайнаўка чымсьці падобная да беларускага райцэнтра: дамы на чатыры-пяць паверхаў максімум, зусім няшмат людзей, мала моладзі. Але і адрозніваецца: дамы пафарбаваныя і дагледжаныя не толькі ў цэнтры. У горадзе некалькі супермаркетаў і вялікі Jysk.
А яшчэ тут ёсць музей і цэнтр беларускай культуры. Разам з намі ў яго заходзяць некалькі жанчын з дзецьмі. Працуе невялікая сувенірная крама: майкі з надпісамі на беларускай, паштоўкі, фігуркі. Пытаюся пра сітуацыю з мігрантамі ў мясцовага прадаўца, а ён аказваецца дырэктарам усяго цэнтра.
— Я не вельмі арыентуюся. Ведаю, што мігрантаў стала прыкметна больш, бачыў у інтэрнэце, — кажа Томаш Ціханюк. — Пакуль нідзе не сустракалі іх тут. Ёсць беларусы, украінцы, якія едуць працаваць. Апошнім часам, пасля выбараў мінулага года, стала больш беларусаў. Ёсць і індусы, але і яны працаваць едуць. А гэтых мігрантаў, з Усходу, я пакуль не бачыў.
Нас адрываюць: падышла жанчына і спытала, дзе яна можа купіць білет. Томаш ідзе з ёй кудысьці, перад гэтым замыкае краму на ключ. Праз некалькі хвілін вяртаецца. Пытаюся: як, на яго погляд, мясцовыя паставяцца, калі мігрантаў будзе яшчэ больш і ўладам давядзецца адкрываць новыя лагеры непадалёк ад горада.
— Разумееце, Падляшша — гэта крыху... Нельга сказаць, што закрыты рэгіён, але…
— Як краіна ў краіне?
— Груба кажучы, можна і так сказаць. Думаю, калі мігрантаў будзе больш, то многія будуць крыху пабойвацца іх. Ну вось асабіста я не магу сказаць адразу, цалкам супраць гэтага ці цалкам падтрымліваю. Гэта вельмі складаная рэч. Бачачы, як прыязджаюць беларусы і ўкраінцы, працуюць, паважаюць законы мясцовыя, імкнуцца гаварыць па-польску... Тым больш што беларусы і ўкраінцы — тая самая вера, таксама славяне, ёсць шмат агульнага. А там — іншая культура, іншая вера... Я думаю, што многія мясцовыя жыхары ставіліся б з асцярогай. А цяпер пра гэта глядзім па тэлебачанні, але праблема быццам бы нас не датычыцца... Тое самае было і з пандэміяй: думалі, што Кітай далёка і нас гэты вірус ніколі не закране. І вось нечакана ўсю Еўропу, увесь свет…
Мясцовыя, кажа Томаш, у цэлым адкрытыя і талерантныя людзі — сапраўдныя беларусы. Ён паказвае нам частку выставы: драўляныя скульптуры па беларускіх матывах, конкурс малюнкаў для дзяцей і фатаграфій для падлеткаў. Міма праходзіць сям'я: разглядаюць экспанаты. Томаш ім усміхаецца і вітаецца, быццам яны даўно знаёмыя. Гэта цалкам магчыма: музей ладзіць мерапрыемствы не толькі ў сваіх памяшканнях. Напрыклад, Томаш ездзіць па вёсках і там арганізуе розныя актыўнасці: канцэрты, выставы і іншае. Таму мясцовых ён ведае. І кажа, у некаторых вёсках сярод насельніцтва беларусаў да 100%.
Пра тое, што Гайнаўка — свайго роду "Беларусь у Польшчы", нагадваюць не толькі музей і ўменне мясцовых разумець беларускую. І не толькі бярозы, якіх тут расце шмат. Але і рэпліка "я ў палітыку не лезу" — вельмі беларуская па сваёй сутнасці. І яе можна было пачуць ад вельмі шмат каго.
— Ой, што мне гэтая палітыка, — кажа пенсіянерка з роварам. — Не патрэбныя нам гэтыя мігранты, ну і ўсё. Мы і так небагатыя. Вось у мяне пенсія невялікая, даводзіцца яшчэ ў Варшаву ездзіць даглядаць старых, каб нешта зарабіць. А нядаўна паліпы ў страўніку знайшлі, дык у платны цэнтр адпраўлялі... Яшчэ і мігрантаў тут не хапала.
Яна махае рукой і ідзе далей.
Адна з мясцовых славутасцяў — праваслаўная царква. Будынак узведзены ў 1980-х у стылі мадэрнізму. Такіх у Беларусі і не сустрэнеш. Дый палякам цікава на такое паглядзець.
На паркоўцы каля царквы спыняецца сям'я з трыма дзяўчаткамі. Яны спехам ядуць булачкі з пакетаў і кажуць, што прыехалі з Варшавы. Пра сітуацыю з мігрантамі, якія ідуць з Беларусі, ведаюць.
— Я лічу, што людзі павінны быць там, дзе яны ў бяспецы. Вядома, мы павінны рабіць так, каб ім было бяспечна ў сябе дома. Але калі ім цяпер там небяспечна, то трэба дапамагаць, — кажа маці сямейства.
У парку непадалёк група падлеткаў, убачыўшы нас, спяшаецца схаваць электронную цыгарэту. Фатаграфавацца адмаўляюцца, нават пасля таго, як мы абяцаем, што кадры будуць без усяго, чым былі б незадаволеныя бацькі.
— Я чуў толькі пра тое, што ў Афганістане адбылося і што там цяпер жанчынам будзе дрэнна, — паціскае плячыма хлопец. Больш пра мігрантаў яму сказаць няма чаго: пра тое, што яны сотнямі ідуць праз Беларусь у Літву, Латвію і Польшчу, ён даведаўся ад мяне.
Жыццё ў Гайнаўцы ідзе сваім парадкам, і, нават нягледзячы на блізкасць беларускай мяжы, мясцовыя не асабліва ўсхваляваныя праз магчымы наплыў мігрантаў.
— Не перажываю праз гэта зусім, — прызнаецца Паола, супрацоўніца запраўкі недалёка ад мясцовай чыгуначнай станцыі. — Калі паедуць — я не супраць. Ім тут бяспечней можа быць.
Паспрабаваць шчасця заходжу ў мясцовую кебабную.
— Нічога пра гэта не чуў, калі шчыра, — кажа Бікас. — Я нешта чуў нядаўна пра мігрантаў, але не ведаю, нелегальных ці не. Але ўвогуле не, мне няма чаго сказаць.
— А вы самі даўно ў Польшчы?
— Тры гады. Прыехаў з Індыі.
— І як, тут лепш, чым дома?
— Гэтаксама.
— Чаму прыехалі?
— Мой бос сказаў сюды прыехаць. У яго 12 кавярняў па ўсёй Польшчы. Вось я і паехаў працаваць, — разводзіць рукамі індус.
Кажуць, назва горада Гайнаўка, а разам з ім і павята паходзіць ад імя стражніка Хайныма Хэйна, які пасяліўся тут яшчэ ў XVIII стагоддзі. І ў гэтай назвы ўжо ёсць новая актуальнасць: па сутнасці, Гайнаўскі павят — адзін з "вартавых" на мяжы Польшчы і Беларусі. Пакуль што, на шчасце для мясцовых, праблем праз наплыў мігрантаў тут няма. Але хто ведае, што будзе заўтра ці праз тыдзень.
Пры падтрымцы "Медыясеткі"