Дарадца Пуціна прапанаваў абмежаваць куплю валюты і замарозіць кошты

Дарадца Пуціна прапанаваў абмежаваць куплю валюты і замарозіць кошты

Дарадца прэзідэнта Расіі Сяргей Глазьеў падрыхтаваў даклад пра меры па пераадоленні эфекту ад заходніх санкцый.

Даклад Глазьева будзе агучаны 15 верасня на пасяджэнні міжведамаснай камісіі Савета бяспекі Расіі па бяспецы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, інфармуе РБК.

Глазьеў прапануе забараніць юрыдычным асобам набываць валюту "без падстаў здзяйснення плацежных аперацый". Таксама ён прапануе ўвесці "часовы падатак (рэзерваванне сродкаў)" на канверсію валюты і трансгранічныя плацяжы. Акрамя таго, дарадца Пуціна заклікае забараніць валютныя пазыкі нефінансавых арганізацый і ўвесці абавязковы продаж валютнай выручкі.

Для стабілізацыі коштаў прапануецца часова замарозіць кошты на тавары штодзённага спажывецкага попыту, усталяваць "гранічную маржу" 25% паміж коштам вытворцы і рознічным.

У раздзеле, прысвечаным "нейтралізацыі антырасійскіх санкцый", Глазьеў прапануе дазволіць расійскім кампаніям адмаўляцца ад выплаты крэдытаў тым краінам, якія ўвялі фінансавыя санкцыі супраць Расіі.

Фота: ТАСС