Данія з 8 лістапада будзе выдаваць беларусам пашпарты замежнікаў
Святлана Ціханоўская і Каарэ Дыбвад / x.com/Tsihanouskaya
Данія ужо з 8 лістапада пачынае выдаваць беларусам пашпарты замежнікаў. Пра гэта ў сацсетцы Х напісала Святлана Ціханоўская.
Раней паведамлялася, што ўлады Даніі пагадзіліся прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.
"Урад Даніі абвясціў, што з 8 лістапада беларусы, якія пражываюць у краіне, змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў. Я хачу падзякаваць міністру [па справах замежнікаў і інтэграцыі] Каарэ Дыбваду за нашу канструктыўную сустрэчу ў траўні і за падтрымку беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму, за мяжой", — заявіла Ціханоўская.
Рэжым Лукашэнкі забараніў дыппрадстаўніцтвам за мяжой мяняць пратэрмінаваныя пашпарты грамадзянам Беларусі. Для замены неабходна вяртацца ў Беларусь і падаваць дакументы ў органы МУС па месцы прапіскі. Для палітуцекачоў гэта пагражае турэмным зняволеннем, таму яны шукаюць іншыя спосабы легалізацыі ў сваіх новых краінах.