Даішнікі абстралялі аўтамабіль, які вёў кіроўца пад уплывам наркотыкаў
На яго склалі дзевяць адміністрацыйных пратаколаў.
Супрацоўнікі мінскай ДАІ ў суботу ўвечары паспрабавалі спыніць машыну "Форд- Эскорт" у раёне плошчы Казінца для праверкі дакументаў. Але ў адказ 24-гадовы кіроўца паскорыўся і ўцёк у прыватны сектар. Каб спыніць парушальніка, супрацоўнікі былі вымушаныя страляць. Як перадае БЕЛТА, тры папераджальныя стрэлы яны зрабілі ў паветра і яшчэ пяць — у аўтамабіль.
Кіроўца спрабаваў уцякаць нават са спушчаным пярэднім колам. Пагоня доўжылася каля паўгадзіны. Калі мужчына зразумеў, што сысці не ўдасца, ён урэзаўся ў аўтамабіль ДАІ і ледзь не збіў інспектара.
Паведамляецца, што парушальнік быў пад уздзеяннем наркотыкаў. Тры гады таму яго ўжо пазбавілі правоў за п'янае кіраванне. Ад агляду кіроўца адмовіўся.
Паводле заканадаўства, наркатычнае ап'яненне прыраўноўваецца да алкагольнага. Пры затрыманні ў аўтамабілі знайшлі рэчыва прыроднага паходжання. Калі высветліцца, што яно адносіцца да наркатычных, мужчыну пагражае крымінальная адказнасць.
Фота — sevnews.info