Цвярозы кіроўца амаль 200 км уцякаў ад ДАІ
Пагоня расцягнулася на Мінскую і Гродзенскую вобласці.
Цэлую гадзіну інспектары ДАІ пераследавалі аўтамабіль Skoda Octavia. Пагоня прайшла па дзвюх абласцях Беларусі — Мінскай і Гродзенскай.
А пачалося ўсё пад Валожынам, піша "Комсомольская правда". 45-гадовы жыхар Брэстчыны не спыніўся па патрабаванні інспектара ДАІ пасля таго, як ледзь не збіў пешахода. Даішнікі кінуліся ў пагоню, але кіроўца не даваў сябе абагнаць, часам нават выязджаў на сустрэчную паласу.
Спыніць ліхача змаглі толькі пад Шчучынам пры дапамозе так званых "яжоў". З прабітымі коламі аўтамабіль з'ехаў у кювет.
Па дакументах інспектары пабачылі, што кіроўца за 10 гадоў стажу толькі чатыры разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Іх моцна здзівіла, што мужчына кінуўся наўцёк. Выявілася, што ў яго 27 траўня скончыўся тэрмін дзеяння пасведчання кіроўцы.
Фота — ДАІ Гродна