Ціханоўскі кажа, што яго словы пра "беларускія астравы" няправільна зразумелі

Сяргей і Святлана Ціханоўскія вітаюцца з Гітанасам Наўседам / прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Сяргей Ціханоўскі заявіў, што яго словы пра беларускія анклавы былі няправільна зразуметыя і інтэрпрэтаваныя.
"Ніхто і ніколі не будзе ствараць ніякіх аўтаномных акругаў і астраўкоў у Літве. Беларусы бязмерна ўдзячныя Літве за гасціннасць, мы паважаем суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы", — заявіў экс-палітвязень.
Ціханоўскі заклікаў беларусаў працягваць змаганне з рэжымам Лукашэнкі, не забываць сваю мову і культуру, кантактаваць паміж сабой, дапамагаць адзін аднаму: "Наша задача — вярнуць сваю краіну, а пакуль мы ў выгнанні — не страціць паміж сабой сувязь".
Экс-палітвязень кажа, што як прадпрымальнік хацеў прапанаваць беларусам у ЕС "стварыць бізнес-хабы, каб яны і іх сем'і кантактавалі паміж сабой". Ён нагадаў, што за мяжу выехала шмат кваліфікаваных спецыялістаў. "Я і да 2020-га дапамагаў людзям і цяпер хачу ім дапамагчы. Менавіта гэта я меў на ўвазе і пра гэта казаў больш падрабязна ў сваіх папярэдніх інтэрв'ю".
Таксама Ціханоўскі выказаў падзяку Літве за яе дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі. "Я заклікаю беларусаў вучыць літоўскую мову і сам збіраюся запісацца на курсы літоўскай. Ніхто не смее замахвацца на ваш суверэнітэт. І я разумею, чаму гэта так важна"— дадаў ён.
Скандал разгарэўся пасля інтэрв'ю Сяргея Ціханоўскага Мікіту Мелказёраву. Экс-палітвязень прапанаваў ствараць за межамі Беларусі "беларускія астравы". Як прыклад ён згадаў Габрэйскую аўтаномную акругу ў Расіі ды тэрыторыі, заселеныя немцамі ў Паволжжы.
Гэта выклікала шырокі рэзананс у літоўскіх СМІ. 22 ліпеня заяву Ціханоўскага пракаментаваў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Ён заявіў, што ніякіх беларускіх анклаваў у Літве не будзе. Разам з тым Наўседа заклікаў ставіцца з разуменнем да словаў чалавека, які толькі нядаўна вызваліўся з беларускай турмы: "Магчыма, у яго крыху іншае ўяўленне аб працэсах, якія насамрэч адбываюцца, калі ён шмат гадоў правёў у цёмнай турме. Давайце зразумеем яго сітуацыю, пастараемся ацаніць цвяроза".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.