Ціханоўская запісала зварот да пятай гадавіны масавых пратэстаў

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў / кадр з выступу Ціханоўскай
"Пяць гадоў таму беларусы выйшлі на вуліцы, каб абараніць свае галасы на выбарах і паказаць адзінства. І гэта назаўжды нас змяніла".
У пятыя ўгодкі масавых пратэстаў Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам да беларусаў, каб нагадаць пра важнасць салідарнасці і падтрымкі.
"Мы ўбачылі, колькі нас. Сотні тысяч людзей па ўсёй краіне запоўнілі плошчы і вуліцы гарадоў. Гэта было прыгожа, годна і страшна для ўлады", — адзначыла лідарка дэмакратычных сілаў. Яна нагадала пра магутную хвалю салідарнасці беларусаў, якая ўзнікла ў той час: з'явіліся дваровыя чаты, на вулічных маршах раздавалі ваду і прыбіралі смецце, валанцёры дзяжурылі каля ізалятара на Акрэсціна. Тады ж з'явілася фраза "беларус беларусу — беларус".
Ціханоўская падкрэсліла, што барацьба з дыктатурай можа быць і ў простых рэчах: можна дапамагаць сем'ям палітвязняў, ствараць сваё — літаратуру, музыку, фільмы, YouTube-каналы.
"Хтосьці скажа, што прайшло пяць гадоў, мы прайгралі. Але гэта не так. Хіба можна прайграць, калі вашыя каштоўнасці застаюцца нязменнымі? Няўжо нашыя мэты і мары пра свабодную Беларусь зніклі? Вядома, не. Я ўпэўнена ў гэтым. Бо менавіта вы ў асабістых размовах распавядаеце мне, колькі ў вас надзеі, і дзеліцеся тым, як кожны дзень дапамагаеце адзін аднаму", — заявіла палітык.
Яна заклікала беларусаў да салідарнасці, прыкладам якой стаў 2020 год: "І я, як і вы, хачу, каб доўгачаканыя змены наступілі як мага хутчэй. Але, як і ў 2020 годзе, без вашай падтрымкі, вашай салідарнасці, гэта цяжка зрабіць. Дык давайце чуць адзін аднаго, дбаць адзін пра аднаго і працягваць пачатае. Бо, пакуль мы верым і можам, мы абавязкова пераможам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.