Ціханоўская і Лукашэнка павіншавалі Украіну з Днём Незалежнасці. Па-рознаму

24 жніўня — Дзень Незалежнасці Украіны / unsplash.com
24 жніўня Украіна адзначае Дзень Незалежнасці. У сваім тэлеграм-канале лідарка дэмісіл Святлана Ціханоўская звярнулася да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і ўкраінцаў, нагадаўшы, што ўжо чацвёрты год украінскі народ сустракае гэтае свята ва ўмовах поўнамаштабнай вайны.
“Вам даводзіцца плаціць найвышэйшую цану за сваю незалежнасць. Але вы бароніце не толькі сваю зямлю — вы бароніце права ўсіх людзей жыць у свабодзе.
Вашая стойкасць і адвага сталі светлым прыкладам для ўсяго свету. Але асабліва — для беларусаў.
Мы разумеем ваш боль. Мы падтрымліваем вашу барацьбу. Беларусы і беларускі — побач з вамі. З вамі нашыя добраахвотнікі на фронце, нашыя валанцёры і актывісты. Беларусы з усяго свету ахвяруюць сродкі. А ў турмах лукашэнкаўскага рэжыму — сотні беларусаў, якія пацярпелі за падтрымку Украіны. І мы працягваем змагацца за іх вызваленне”, — піша Ціханоўская.

Яна звяртае ўвагу, што ў Беларусі з Украінай адзін вораг — расійскі імперыялізм, які прынёс вайну, а нашу краіну зрабіў закладніцай.
“Але мы ведаем: вашая перамога дасць шанец на свабоду і Беларусі. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. Гэтаксама як і без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы.
Беларусаў і ўкраінцаў аб’ядноўвае не толькі слаўная гісторыя, але і супольная будучыня — у еўрапейскай сям’і свабодных народаў. І я веру, што гэты дзень абавязкова настане.
І сёння, у ваш дзень Незалежнасці, зычу вам сілы, каб выстаяць і адстаяць свабоду. Зычу вам трывалага і справядлівага міру, які ўкраінскі народ безумоўна заслугоўвае”, — піша Ціханоўская
У звароце Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваным ягонай прэс-службай, адзначаецца, што “жыць побач у міры і згодзе спрадвеку было прызначэннем беларускага і ўкраінскага народаў”.
“Як бы ні цягнулі ў розныя бакі знешнія сілы, Беларусь і далей застаецца адкрытай для ўкраінцаў. Мы настроены на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва і канструктыўны дыялог з нашымі паўднёвымі суседзямі.
Ад усяго сэрца жадаю грамадзянам Украіны знайсці ўласны адказ на сённяшнія выклікі, а вашай шматнацыянальнай краіне — мірнага неба, салідарнасці і па-сапраўднаму незалежнага развіцця”, — піша Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.