Ціханоўская заявіла, што ва Украіне 1500 беларускіх добраахвотнікаў
Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю італьянскаму выданню Corriere della Sera заявіла, што ва Украіне налічваецца 1500 беларускіх добраахвотнікаў. Па яе інфармацыі, падраздзяленні знаходзяцца "у розных гарадах, пад кіраўніцтвам украінскай арміі".
У баях ва Украіне ўдзельнічае беларускі полк (былы батальён) імя Кастуся Каліноўскага. Нядаўна група яго байцоў атрымала ўкраінскія ўзнагароды. Фармуецца і беларускі полк "Пагоня", які, верагодна, у баявых дзеяннях яшчэ не ўдзельнічаў.
"Многія ў Беларусі хочуць дапамагчы Украіне і цяпер праходзяць навучанне ў іншых краінах, — кажа Ціханоўская. — Колькі іх і дзе яны знаходзяцца, я не магу сказаць. Часта гэта людзі, якія маюць патрэбу ў навучанні, таму што ў іх няма вопыту вайны. Але, напэўна, колькасць беларускіх байцоў на баку Украіны будзе расці".
Дагэтуль агульная колькасць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне не называлася.