Ціханоўская: Нарвегія далучыцца да санкцый ЕС
Нарвегія далучыцца да санкцый ЕС, уведзеных супраць уладаў Беларусі, і павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці нашай краіны. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская. Яна паразмаўляла па відэасувязі з міністрам замежных спраў Нарвегіі Іне Мары Эрыксан Серэйдэ.
Ціханоўская заклікала Нарвегію далучыцца да 4-га пакета санкцый і сектаральных санкцый ЕС, павялічыць дапамогу беларусам, прапанавала сумесна з Ірландыяй і Эстоніяй арганізаваць слуханні ў Саўбезе ААН па Беларусі, абмеркаваць стварэнне міжнароднага трыбуналу па злачынствах рэжыму.
"Мы абмеркавалі, што рэжым выкарыстоўвае транзіт калію як прыкрыццё для кантрабанды цыгарэт, а значыць, новыя санкцыі не павінны пакідаць такой магчымасці, — распавядае Святлана Ціханоўская. — І, што яшчэ важней, мы абмеркавалі, як зрабіць дапамогу Беларусі больш практычнай, каб яна даходзіла тым, хто знаходзіцца ўнутры краіны".
Як вядома, нарвежская кампанія Yara дагэтуль з'яўляецца партнёрам "Беларуськалія".