Ці патаннеюць беларускія зімовыя агуркі ды памідоры?

Дзяржава зніжае тарыф на газ для вытворцаў. Да прыкладу, з 1 студзеня на 7,5 % зніжаны тарыф на газ для вытворцаў гародніны.

"Тэндэнцыі развіцця эканомікі дазваляюць забяспечыць павышэнне канкурэнтаздольнасці айчынных вытворцаў за кошт зніжэння энергетычнага складніка ў іх выдатках”, — сказана ў афіцыйным паведамленні.

І правільна, а то проста крыўда бярэ: у краме беларускія памідоры толькі на чатыры тысячы таннейшыя за турэцкія!

"Таматы беларускія, з Мінскай гароднінай фабрыкі, каштуюць 20 тысяч рублёў, а вось з Турцыі — 25 тысяч", — прыводзяць кошты ў гандлёвым цэнтры "Замак". Агуркі беларускія каштуюць ад 48 тысяч рублёў!

На гомельскім сельгаспрадпрыемстве “Брылёва”, што вырошчвае гуркі, навіне пра зніжэнне коштаў на газ здзіўляюцца.

“Як знізіліся? Мо да нас яшчэ не дайшла пастанова?” — у Гомелі проста не вераць, што такое магчыма: перапытваюць і ўдакладняюць па некалькі разоў пра пастанову ўрада.

“Ну, дзе ж яны знізіліся? Мы ж як плацілі 300 долараў за тысячу кубаметраў, так і ў гэтым годзе плацім — хіба ж знізіліся? Каб хаця б на 20-30 % знізілі... Але мо яшчэ новыя тарыфы прыйдуць!” — спадзяюцца ў Гомелі.

У агракамбінаце “Ждановічы” кажуць, што айчынныя гуркі не такія ўжо і дарагія. І называюць свае адпускныя кошты: 

"Да прыкладу, агуркі ў нас адпускаюцца па 20064 рублі за кіло, памідоры — 11 440 рублёў. Перац таксама прадаём, але перац у нас дарагі — 25070 рублёў за кіло. Плюс ПДВ — 27 000 рублёў за кіло", — зачытваюць кошты ў "Ждановічах".

"Перац адпускаецца па 27 тысяч?" — перапытваю я суразмоўцу.

“Вы ведаеце, я зараз нават не падыходжу да паліц з перцам, бо глядзець страшна на кошты”, — кажуць мне ў "Ждановічах".  А як жа кошты ў крамах — агуркі па 48 тысяч мінімум?

Пра зніжкі на газ у агракамбінаце “Ждановічы” таксама пакуль не ведаюць: тут купляюць яго за 300 долараў за тысячу кубаметраў, як і ў мінулым годзе. Нагадаем, краіна летась купляла газ у Расіі па 165 долараў за тысячу кубоў.

Атрымліваецца, што не толькі дзяржава сама ж падымае кошт на гуркі з-за дарагога перапродажу газу, але і крамы  імкнуцца ўрваць сваё з дапамогай нацэнак.