Ці можна прызваць “у партызаны” тату немаўляці?

Паўтара месяца таму ў “сяржанта запасу Віталя Каратыша” нарадзілася дачка. А 12 траўня хлопец атрымлівае павестку ў ваенкамат — забіраюць у чэрвені на месячныя ваенныя зборы. Схадзіць “у партызаны”, кажа Віталь, ён зусім не супраць, але хай бы хаця б на пару месяцаў пазней. Каб была магчымасць жонцы з малым дзіцем дапамагчы.
Віталь Каратыш: “Я напісаў хадайніцтва аб пераносе хаця б на некалькі месяцаў, каб падрасла дачка. На што мне камісар адразу адказаў, што згодна з 71 артыкулам “Аб ваеннай службе” такая адтэрміноўка не прадугледжаная. Хаця калі прачытаць да канца гэты артыкул, відаць, што такая адтэрміноўка прадугледжаная пры наяўнасці дзяцей да трох гадоў”.
У войску Віталь Каратыш служыў амаль 7 гадоў таму — у 2008—2009 гг. З таго часу яго ні разу на зборы не забіралі. Тым не менш малады бацька ўпэўнены: забраць менавіта цяпер яго вырашылі не проста таму, што яго час “партызаніць” надышоў. І прыгадвае, як яго ў 25-гадовым узросце забіралі на тэрміновую службу.

“Мяне забралі ў 25 гадоў, бо былі супрацьпаказанні па здароўі. Але як толькі пачалася выбарчая кампанія ў 2008 годзе (выбары ў Палату прадстаўнікоў) і я падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, то адразу стаў здаровым: вечарам я атрымаў позву, а раніцай наступнага дня мяне ўжо забралі ў армію. Людзі з выканкама ўжо цікавіліся маімі планамі, і я сказаў, што сёлета не буду вылучацца — цяжка і з маленькай дачкой, і ў фінансавым плане”.
Тым не менш Віталь не выключае, што з дапамогай ваенкамата яго спрабуюць выключыць з выбарчага марафону — зборы ў чэрвені акурат прыпадаюць на рэгістрацыю ініцыятыўных груп і пачатку збору подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты.
Ці сапраўды хлопец мае права на адтэрміноўку збораў пры наяўнасці немаўляці?
Звяртаюся да ваеннага камісара “незалежнага” ваенкамата Вілейскага раёна Юрыя Ганчыеўскага. І проста прашу патлумачыць, ці маю я ў такой жыццёвай сітуацыі, як ў Каратыша, права на адтэрміноўку.
“Сапраўды, у нас ёсць 71 артыкул закона “Аб ваеннай службе”, дзе прапісана, хто мае права на адтэрміноўку. Дык вось, на зборы даецца адтэрміноўка, калі ў вас 4 і больш няпоўнагадовых дзяцей. А права на адтэрміноўку, пакуль дзіцяці не споўніцца трох гадоў, гэта толькі калі ідзе прызыў на тэрміновую службу”.
Але ж можна пайсці чалавеку насустрач?
Юрый Ганчыеўскі: “У выпадку з кожным чалавекам усё індывідуальна. Гэтаксама я размаўляю, калі прыходзяць, пачынаюць слёзы ліць, пра адтэрміноўку казаць. Але я адказваю звычайна: ёсць жа маці-бацька, цешча з цесцем — чаму не дапамагчы нявестцы гэтыя 25 дзён? У мяне ж ёсць дакладны графік, па якім я чалавека выклікаю. Калі гэтага чалавека зараз не прызавуць, то мне трэба шукаць нейкую замену пазапланава. Выклікаць іншага чалавека, тлумачыць яму, гэта ж таксама праблема”.
Каментаваць канкрэтную сітуацыю з Віталём Каратышом вілейскі ваенкамісар лічыць некарэктным. Але выключае наяўнасць у сітуацыі з прызывам палітычнай матывацыі. Тым больш што зборы, на якія хлопца плануюць, па яго інфармацыі, адправіць, адпавядаюць яго ваеннай спецыяльнасці.
Што маем у выніку? Ваенкам кажа, што пры жаданні і пры наяўнасці “рэсурсу” адтэрміноўку ад збораў даць можна — кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Тым больш што, як прызнаецца Віталь, дапамагчы яго жонцы, калі сітуацыя не вырашыцца станоўча, ёсць каму — недалёка жывуць бацькі. Сам Віталь вырашыў цвёрда: калі адправіцца “ў партызаны”, звернецца да сяброў з просьбай самастойна сабрацца ў ініцыятыўную групу і з прынцыпу возьме ўдзел у парламенцкіх выбарах.
Фота з асабістага архіву Віталя Каратыша