Чырвоны Крыж: мы не прасілі палітвязняў падпісваць прашэнні аб памілаванні

Беларускі Чырвоны Крыж / БЕЛТА
Беларускі Чырвоны Крыж / БЕЛТА

Супрацоўнікі беларускага Чырвонага Крыжа не маюць дачынення да схілення палітвязняў да напісання прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Пра гэта Еўрарадыё расказалі ў прэс-службе таварыства:

— Мы не прасілі зняволеных падпісваць прашэння аб памілаванні. Па-першае, нам вельмі шкада, што некаторыя апублікавалі неправераныя чуткі і з намі ніхто не звязаўся перад публікацыяй гэтых чутак, — кажуць у прэс-службе Чырвонага Крыжа. — Па-другое, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа не маюць доступу да зняволеных у турмах. Мы можам дапамагаць, толькі аказваючы гуманітарную дапамогу. Мы перадаём прадуктовыя наборы, гігіенічныя наборы, адзенне, кнігі. Мы гэта рабілі і працягваем цяпер таксама рабіць.

Чырвоны Крыж вядзе "звычайную працу ў рамках гуманітарнай дзейнасці і прынцыпаў руху". Адкуль маглі з'явіцца чуткі пра тое, што супрацоўнікі таварыства ўгаворваюць палітвязняў напісаць прашэнні аб памілаванні, у БТЧК не ведаюць.

— Калісьці пад выглядам супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа па кватэрах хадзілі махляры. Мы не можам сказаць, адкуль гэта пайшло.

Раніцай 9 чэрвеня выданне "Наша ніва" апублікавала ў сваім тэлеграм-канале інфармацыю пра тое, што прадстаўнікі Чырвонага Крыжа просяць людзей, якія чакаюць суда ў СІЗА, пісаць прашэнні аб памілаванні "і выходзіць на волю". Раней паведамлялася, што ў папраўчай калоніі "Віцьба-3" палітвязням прапаноўваюць напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Амністыя ў Беларусі традыцыйна праводзіцца да Дня незалежнасці — 3 ліпеня. Аднак у лютым, адказваючы на пытанні на Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка выключыў магчымасць "палітычнай амністыі", паколькі ў Беларусі няма палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.