Чаму бел-чырвона-белы сцяг на прайдзе – гэта нармальна. Меркаванне

7 чэрвеня ў Вільні адбыўся Балтыйскі ЛГБТК-парад

7 чэрвеня ў Вільні адбыўся Балтыйскі ЛГБТК-парад / RFE/RL

У Вільні адбыўся Балтыйскі прайд ці Парад Роўнасці. Каляровая калона прайшла па цэнтры, а ў ёй пад бел-чырвона-белым сцягам прайшлі і беларусы.

Як можна было чакаць, не ўсім суайчыннікам гэта спадабалася. У тэлеграм-чатах можна знайсці такія выказванні:

“Гэта жах. Наш беларускі сцяг, за які продкі аддавалі жыццё, за які тысячы беларусаў пакутуюць у турмах, будзе на парадзе роўнасці”.

“Я ничего не имею против представителей ЛГБТ, но если вы будете использовать наши символы (и этим посягать на мою демократическую свободу), приду к вам на парад с Гитлером на радуге!”

Нехта нават прапаноўваў узяць чырвона-зялёны сцяг (як гэта зрабіў Андрэй Павук, але троху з іншай матывацыяй).

І нарэшце такое:

“Выкарыстаньне нацыянальнага сьцяга гэта зьнявага да сымбаля!”

Піша Янка Рэн.


Сцяг — як сымбаль дзяржавы

Па-першае, бчб-сцяг — гэта азнака беларусаў. Калі б не тое, што ў 1995 годзе Лукашэнка змяніў дзяржаўныя сымбалі, то пад ім бы выступалі спартоўцы, з ім бы прэзентавалі краіну на Еўрабачанні і іншых конкурсах.

І гэта мае права рабіць кожны грамадзянін краіны.

Калі беларусы, якія выходзяць на прайды, ідуць з бчб-сцягам, яны паказваюць, што яны беларусы і яны любяць сваю краіну з яе сцягам.

Тым, хто гэтаму абураецца, чамусьці не прыходзіць у галаву накідвацца на бчб-сцягі на іншых мерапрыемствах: спартовых ці музычных, ці, напрыклад, на тых акцыях у іншых краінах, якія тычацца не сітуацыі ў Беларусі, а ўнутранай палітыкі тых краін.  

Таму гэтыя абурэнні не што іншае, як праява гамафобіі, а не абарона сцяга, які тут і не патрабуе абароны. Такое стаўленне нясе небяспеку для грамадства. У выпадку, калі нехта хоча дзяліць беларусаў на лепшых ці горшых, то нічым не будзе адрознівацца ад рэжыму Лукашэнкі, які менавіта гэта і робіць, закрываючы людзей у турмах. Мы не павінны паводзіць сябе гэтак жа. Сцяг — гэта агульны сымбаль, а не абмежаваны клуб.

Чаму бел-чырвона-белы сцяг на прайдзе – гэта нармальна. Меркаванне
Viyaleta Sauchyts / RFE/RL

Сцяг — як сымбаль барацьбы

У беларускім кантэксце бел-чырвона-белы займеў большы сэнс, чым проста сцяг краіны, ён стаў сымбалем барацьбы за свабодную Беларусь. І пад гэтым сцягам змагаюцца і тыя беларусы, якія належаць да супольнасці ЛГБТК. І, не паверыце, бчб-сцяг таксама належыць ім, і яны маюць такія ж правы даставаць яго ў любой сітуацыі, дзе лічаць патрэбнымі паказаць, што яны беларусы, паказаць сваю гордасць быць беларусам. І гэтыя людзі таксама пакутуюць ад рэпрэсій у Беларусі і змагаюцца за свабоду нашай краіны.

У сваю чаргу, трэба разумець, што прайд — гэта не толькі пра сэксуальную арыентацыю. Гэта пра права быць сабой і не саромецца. Гэта палітычная падзея за правы чалавека, якая нагадвае пра свабоду, годнасць і роўнасць. Таму і немагчыма “запэцкаць” бчб-сцяг удзелам у прайдзе.


Беларусы павінны быць побач, а не адзін супраць аднаго

У выгнанні, у эміграцыі, у супрацьстаянні дыктатуры — мы не можам дазволіць сабе разбівацца, нават маючы супрацьлеглыя светапогляды. У сённяшняй сітуацыі беларусы, якія нясуць бчб-сцяг, знаходзяцца ўжо па адным баку бітвы.

І лепей спрабаваць разумець і падтрымліваць адно аднаго, чым ваяваць за "чысціню" і "правільнасць". Бо сцяг належыць кожнаму свядомаму беларусу і беларусцы. І таму мы не мусім пытацца дазволу на тое, каб быць ці не быць беларусам, які любіць сваю краіну і хоча быць свабодным.

Гэты тэкст – меркаванне аўтара, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме – пішыце на [email protected] з паметкай “Меркаванне”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.