"Быў у шоку ад убачанага": пачаўся суд над удзельнікам маршу ў Курапаты

Міхаіл Глухоўскі (другі справа) сярод удзельнікаў шэсця ў Курапаты / Еўрарадыё
У Мінску пачалі разглядаць адну з крымінальных справаў, распачатых пасля Маршу ў Курапаты 1 лістапада. Усяго фігурантам па справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, праходзіць 231 чалавек.
Напярэдадні ў судзе Першамайскага раёна слухалі справу 47-гадовага Міхаіла Глухоўскага. Яго абвінавачваюць у тым, што праз яго дзеянні і дзеянні іншых пратэстоўцаў спыніўся грамадскі транспарт, у выніку чаго "Мінсктрансу" была нанесеная шкода на суму больш за 10 тысяч рублёў, паведамляюць праваабаронцы.
Глухоўскі быў сярод тых, хто выйшаў на праезную частку праспекта Незалежнасці і, па версіі абвінавачвання, "доўга і ўпарта парушаў грамадскі спакой, а пры знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства ён узяў удзел у блакаванні шляхоў транспартных камунікацый шляхам выхаду групай асоб на праезную частку паблізу дамоў 95А-111 па праспекце Незалежнасці Мінска".
Глухоўскага затрымалі ў той жа дзень каля 15 гадзін ва Уруччы, асудзілі за адміністрацыйнае правапарушэнне — удзел у мітынгу — на 15 базавых велічынь і адпусцілі. Але праз тыдзень зноў затрымалі — ужо ў межах крымінальнай справы. Спачатку адпусцілі да суда — пад паручальніцтва маці і сына, але потым зноў затрымалі і зноў асудзілі паводле арт 23.34 КаАП яшчэ на 20 базавых адзінак за ўдзел у Маршы партызан, які быў 18 кастрычніка.

Сваю віну Міхаіл Глухоўскі прызнаў часткова: ён пацвярджае, што браў удзел у мірным маршы і выходзіў на праезную частку, што ішоў там "5-7 хвілін, пакуль не ўпёрся ў ланцуг сілавікоў", а "потым я сышоў на тратуар і пайшоў у бок Уручча".
Паводле яго слоў, ён "бачыў, як затрымлівалі іншых людзей" і "быў у шокавым стане".
Пры гэтым ён не пагадзіўся з заяўленай шкодай і з сцверджаннем, што яго дзеянні прывялі да спынення грамадскага транспарту па такой колькасці маршрутаў. "Мінтранс" сцвярджае, што спынілася 14 аўтобусаў і 10 тралейбусаў.
"Я не блакаваў дарогу, не кідаўся пад транспарт, не спыняў такую колькасць транспартных сродкаў. Дзе знаходзіцца Парк Чалюскінцаў, а дзе знаходзіцца кальцавая дарога і Лайгойский тракт7 Як я мог умяшацца сваімі дзеяннямі ў працу транспарту там?" — кажа ён.
Мужчына некалькі разоў паўтарыў, што быў у шоку ад убачанага на вуліцах у той дзень, таму, магчыма, не ўсе абставіны змог успомніць. Судовы разгляд па справе супраць Міхаіла Глухоўскага працягнецца 14 студзеня.
Па ўсім маршруце на маршы ў Курапаты 1 лістапада сілавікі пераследавалі ўдзельнікаў шэсця, перыядычна нападаючы і затрымліваючы дэманстрантаў. На падыходзе да ўрочышча яны пачалі ўжываць спецсродкі: людзей разганялі гумовымі кулямі і светлашумавымі гранатамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.