Былы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі выдаў зборнік анекдотаў

Аляксандр Радзькоў піша анекдоты / nastgaz.by
Былы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Радзькоў выдаў зборнік анекдотаў, гісторый, выслоўяў, які называе дапаможнікам для педагогаў і аратараў. Яго назва — "Украпванні ў афіцыйныя, навуковыя і карпаратыўныя даклады, а таксама зместу гутарак і размоў".
Радзькоў сцвярджае, што збіраў сваю "калекцыю" з школьных гадоў "адусюль": з кніг і перыёдыкі, выступаў і аповедаў іншых людзей, сваякоў, і нават "з фальклору". А нешта прыдумаў сам.
"Усе гэтыя прыпавесці, гісторыі, анекдоты ўжо выкарыстоўваліся ў працы, таму правераны на ўспрыманне аўдыторыяй, — піша аўтар. — Безумоўна, не ўсе адразу давалі аглушальны эфект, але абавязкова спрацоўвалі".
Аляксандру Радзькову 73 гады. Ён быў міністрам адукацыі (у 2003-2010 гадах), першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі (2010-2014), памочнікам Аляксандра Лукашэнкі (2014-2015), кіраўніком "Белай Русі" (2007-2018). Трапляў у "чорныя спісы" ЕС і ЗША. Радзькоў — доктар педагагічных навук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.