Былы палітвязень Аляксандр Францкевіч зноў затрыманы
Міліцыя прыйшла да яго на працу ў панядзелак.
Былы палітвязень Аляксандр Францкевіч затрыманы міліцыяй. Як паведамляе сайт spring96.org, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго на працу 2 лютага ў 16.00.
Прычынай затрымання могуць быць акцыі, праведзеныя нядаўна актывістамі анархісцкага руху, а таксама фотаздымкі, апублікаваныя ў інтэрнэце супраць адвольных затрыманняў. Зараз высвятляюцца абставіны і падставы затрымання, а таксама ў які РУУС быў дастаўлены Францкевіч.
Нагадаем, Аляксандр Францкевіч быў прызнаны палітвязнем пасля таго, як у маі 2011 года яго асудзілі па гэтак званай "справе анархістаў" да трох гадоў пазбаўлення волі. У пачатку верасня 2013 года ён вызваліўся.
Гэта не першае затрыманне былога палітвязня пасля выхаду на волю.