Былы галоўны ідэолаг БЕЛТА Сяргей Адзярыха прызнаны палітвязнем

Былы галоўны ідэолаг БЕЛТА Сяргей Адзярыха прызнаны палітвязнем

Беларускія праваабаронцы дадалі ў спіс палітвязняў яшчэ пяць чалавек. Гэта — Сяргей Адзярыха, Алеся Буневіч, Аляксандр Зайцаў, Вячаслаў Маляйчук і Анатоль Мацулевіч. Іх справы праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення. На сённяшні дзень у нашай краіне 1221 палітзняволены.

Адзярыха працаваў намеснікам гендырэктара БЕЛТА па ідэалогіі. У красавіку 2022-га ён быў асуджаны на пяць гадоў калоніі за перадачу інфармацыі прадстаўніку Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу.

Буневіч апошнім часам жыла ў Вільні. У Беларусь яна прыехала ў красавіку і была затрыманая. Яе абвінавачваюць "у дапамозе здзяйснення акта тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве" — у сувязі з "рэйкавымі партызанамі".

Маляйчук нядаўна быў асуджаны на 22 гады калоніі строгага рэжыму па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку "падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму". Ёсць версія, што ён стаў ахвярай правакацыі.

Зайцаў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за "замах на акт тэрарызму, зроблены групай асобаў па папярэдняй змове". Мацулевіч асуджаны на 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі за стварэнне і адміністраванне пратэснага тэлеграм-канала. Яны абодва ў "спісе тэрарыстаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.