Буйныя заводы Мінска наймаюць рабочых з КНДР і В'етнама
Пра гэта паведаміў старшыня Беларускай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Анатоль Харлап.
Заява прагучала ў чацвер на паседжанні рады па развіцці прадпрымальніцтва пры Савеце міністраў.
Як паведамляе nn.by са словаў Харлапа, заводы кшталту МАЗа, МТЗ, МЗКЦ заключаюць дамовы з Паўночнай Карэяй, В'етнамам, Таджыкістанам, іншымі краінамі і прымаюць на працу грамадзян гэтых краін. Беларускія прадпрыемствы плацяць ім пад'ёмныя, даюць інтэрнат, праводзяць навучанне.
На думку Харлапа, праблема дэфіцыту кваліфікаваных кадраў ёсць не толькі ў Беларусі, але і ў Еўрасаюзе, і ў Расіі.
Па ацэнках nn.by, на будоўлях і заводах Мінска працуе да 3000 мігрантаў з краін усходу. У прыватнасці, в'етнамцы працуюць на будаўніцтве "Чыжоўка-Арэны" да чэмпіянату свету па хакеі. Сярэднія заробкі ва ўсходніх краінах, адкуль вярбуюць рабочых, нашмат ніжэйшыя за беларускія.
Фота — vestikavkaza.ru