Брэсцкі гарвыканкам з бюджэту аплаціў памыўку ў лазні на 7470 рублёў

Лазня, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Брэсцкі гарвыканкам 11 красавіка размясціў на сайце дзяржзакупак тэндар на адпачынак у лазні і закрыў у той жа дзень. За "паслугу па памыўцы ў лазні" заплацілі 7 470 рублёў.
У тэндары гаворыцца, што аказаць паслугу неабходна ў перыяд з 6 па 30 траўня 2025 года.
Выданне Bgmedia знайшло падрабязнасці ў адным з дакументаў тэндару. Аказваецца, што за гэтую суму павінны памыцца арыенціровачна 415 чалавек за тры разы.
"Выканаўца ў дні памыўкі забяспечвае ў лазні належны парадак, тэмпературны рэжым. Дастаўка да месца аказання паслугі па памыўцы ў лазні ажыццяўляецца сіламі заказчыка", — гаворыцца ў дакуменце. Падпісаў яго галоўны спецыяліст па абароне дзяржаўных сакрэтаў Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Залатухін.
Якая з брэсцкіх лазняў выйграла тэндэр гарвыканкама, журналісты выявіць не змаглі.
На каго разлічаная гэтая паслуга? Выказваецца некалькі версій. Магчыма, гэта будуць прадстаўнікі дэлегацый, якія прыедуць у Брэст святкаваць 9 траўня. Другі варыянт — прадстаўнікі брэсцкай тэрытарыяльнай абароны (апошнім часам гарвыканкам актыўна купляе вайсковыя рэчы). Нарэшце не выключана, што гэта могуць быць самі брэсцкія чыноўнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.